Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскаму журналісту Івану Сафронаву выставілі абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе


Іван Сафронаў
Іван Сафронаў

Журналісту і дарадцы кіраўніка карпарацыі «Роскосмос» Івану Сафронаву афіцыйна выставілі абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе. Віны ён не прызнае.

Пра гэта піша Інтэрфакс са спасылкай на адваката Івана Паўлава.

«Тэкст пра пастанову аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага дакладна паўтарае тэкст пастановы аб адкрыцьці справы — ніякіх новых дэталяў не раскрыта», — сказаў Паўлаў.

Паводле вэрсіі ФСБ, у 2017 годзе Сафронаў адправіў матэрыял, які «быў атрыманы ў Чэхіі нейкай асобай, магчыма, зьвязанай з выведкай гэтай краіны». Яшчэ два дасьледаваньні, прадстаўленыя сьледчымі ФСБ, «аналізуюць вынікі праслухоўваньня яго тэлефонных размоваў і перапіскі».

У падтрымку Сафронава выступіў прафсаюз журналістаў і супрацоўнікаў СМІ:

«Мы патрабуем адкрытага і празрыстага расьсьледаваньня грамадзка значнай справы Івана Сафронава. Мы ўпэўненыя, што Іван не павінен знаходзіцца за кратамі. Журналіст не тэрарыст, ня здраднік Радзімы і не злачынца. Каб сьцьвярджаць адваротнае, трэба выставіць пераканаўчыя абвінавачваньні, праводзіць расьсьледаваньне і судовыя слуханьні непрадузята, адкрыта і даступна для ўсяго грамадзтва».

Адкрыты ліст падпісалі больш за сто чалавек.

7 ліпеня Ляфортаўскі суд Масквы арыштаваў Івана Сафронава, былога журналіста выданьняў «Коммерсант» і «Ведомости», цяпер — дарадцу кіраўніка карпарацыі «Роскосмос», на два месяцы па падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе. ФСБ абвінавачвае яго ў тым, што, будучы журналістам, Сафронаў супрацоўнічаў з чэскай службай зьнешняй выведкі, перадаючы ёй сакрэтныя зьвесткі.

Паводле сьледзтва, Сафронаў быў завэрбаваны ў 2012 годзе, а ў 2017 атрымаў заданьне сабраць зьвесткі пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Расеі з краінамі Афрыкі і дзеяньні расейскіх вайскоўцаў на Блізкім Усходзе. Сьледзтва кажа, што заданьне было выканана.

Сафронаў віны не прызнае. Яго адвакат кажа, што ня бачыў у справе доказаў віны арыштаванага. Былыя калегі і блізкія Сафронава лічаць, што справа супраць яго зьвязаная выключна зь яго журналісцкай працай.

Дзясяткі СМІ запатрабавалі ад расейскіх уладаў максымальна празрыстага расьсьледаваньня справы Івана Сафронава, сярод іх — «Новая газета», «Коммерсант», «Ведомости», «Медуза», РБК, «Проект», «Медиазона», The Bell, расейская вэрсія часопіса Forbes ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG