Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адмаўляюць другую хвалю каранавірусу і гавораць пра перамогу над першай 


Беларускія мэдыкі адмаўляюць другую хвалю COVID-19, называючы ўсплёск захворваньня ў многіх краінах «працягам першай».

«Тое, што мы назіраем, — гэта перарваная першая хваля. Вірус нікуды не падзеўся. Ён працягвае цыркуляваць сярод насельніцтва, унутры дзяржаў. І як толькі прыадчынілі дзьверы, далі яму невялікую шчыліну, ён зноў пачаў «гуляць па папуляцыі», — цытуе тэлеканал АНТ начальніка галоўнага ўпраўленьня Міністэрства здароўя Беларусі Аляксандра Пацеева.

У якасьці прыкладу ён прывёў сытуацыю з каранавірусам у Іране. Там пасьля жорсткіх абмежаваньняў значна зьнізілася захворваньне, а пасьля зьняцьця бар'ераў лекары сталі назіраць паўторны рост.

Разам з тым спэцыялісты Мінздароўя гавораць пра зьніжэньне захворваньня каранавірусам у Беларусі.

«Цяпер у краіне адзначаецца станоўчая дынаміка па COVID-19 з колькасьцю хворых. І цяпер мы ўсё больш выразна гэта бачым», — адзначыла загадчыца аддзелу эпідэміялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены і грамадзкага здароўя Ала Дашкевіч.

«У нас устойлівая станоўчая дынаміка. Гэта відаць і па тым, як нармалізуецца праца лякарняў. Мы выводзім стацыянары з рэжыму працы інфэкцыйных аддзяленьняў», — пагаджаецца зь ёй Аляксандар Пацееў.

Пры гэтым правілы абароны ад каранавірусу, нягледзячы на зьніжэньне колькасьці хворых, неабходна выконваць, падкрэсьліваюць мэдыкі.

«Часьцей мыйце рукі або выкарыстоўвайце антысэптычныя рэчывы. Трымайцеся прынцыпу сацыяльнага дыстанцыяваньня. У тых месцах, дзе шмат людзей, выкарыстоўвайце маскі. Памятаеце: яе трэба мяняць кожныя дзьве гадзіны», — нагадала Ала Дашкевіч.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь пасьпяхова справілася з выпрабаваньнем і атрымала пераканаўчую перамогу над каранавірусам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG