Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы асудзіце чалавека, які месяц сядзіць без вады». Севярынцу далі яшчэ 15 сутак праз скайп


На дыстанцыйным судзе над Паўлам Севярынцам. Сакратарка суду разрывае сувязь з «ЦИП Иван Иванов», калі жонка падсуднага Вольга Севярынец захацела падысьці пабачыць мужа

У Савецкім раённым судзе Менску адбыўся чарговы суд над палітвязьнем, сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, які ўжо месяц знаходзіцца пад арыштам у ізалятары на Акрэсьціна.

Абвінавачанага ў адміністрацыйным правапарушэньні палітыка ў суд не прывезьлі, судзьдзя Вера Галаўкова дапытала яго праз скайп. Перад судом гэтаксама праз скайп Севярынцу дазволілі пагаварыць з адвакатам.

З ізалятару Павал Севярынец хадайнічаў, каб журналістам дазволілі здымаць працэс на фота і відэа, але судзьдзя гэтай просьбы не задаволіла, спаслаўшыся на тое, што «ў будынку суду здымкі не дазволеныя».

Вольга Севярынец (у цэнтры) перад судом над ейным мужам, палітвязьнем Паўлам Севярынцам
Вольга Севярынец (у цэнтры) перад судом над ейным мужам, палітвязьнем Паўлам Севярынцам

Паўла Севярынца абвінавацілі ў паўторнай арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях — гэта частка 3 артыкулу 23.34. Паводле пратаколаў, ён заклікаў да правядзеньня несанкцыянаваных пікетаў «кожную суботу» да 9 жніўня. Гэта, паводле матэрыялаў справы, Севярынец казаў 7 чэрвеня на пікеце каля Камароўскага рынку.

«Судзяць другі раз за адно і тое ж»

Павал Севярынец з абвінавачаньнем не пагадзіўся. Палітык кажа, што знаходзіўся на пікеце для легальнага збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую і там казаў, што грамадзяне далей будуць удзельнічаць у легальных пікетах для збору подпісаў альбо выходзіць на дазволеныя прамэнады па вуліцах.

Таксама Севярынец абурыўся тым, што яго зьбіраюцца асудзіць другім разам за адно і тое ж дзеяньне.

«За што мяне судзяць? Мне незразумела. Насамрэч адбываецца спроба задушыць свабоду слова», — казаў Севярынец праз скайп.

Павал Севярынец зьвярнуў увагу суду на тое, што беззаконьне ў дачыненьні да яго, як ён лічыць, працягваецца і ў менскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Суд адбываецца празь відэасувязь. Паглядзець на Севярынца дазволілі толькі адвакатцы. Перад усімі астатнімі манітор адварочвалі і перарывалі званок з акаўнтам «ЦИП Иван Иванов»
Суд адбываецца празь відэасувязь. Паглядзець на Севярынца дазволілі толькі адвакатцы. Перад усімі астатнімі манітор адварочвалі і перарывалі званок з акаўнтам «ЦИП Иван Иванов»

«Мне не патлумачылі, чаму я зьмешчаны ў карцар. А чаму не выдаюць матрацы? Вы можаце гэта спыніць», — зьвярнуўся Севярынец да судзьдзі.

Судзьздя Вера Галаўкова перапыніла прамову Севярынца: «Выказвайцеся толькі пра падзеі 7 чэрвеня».

«Што тут дадаць? Правапарушэньня няма, а пакараньне ёсьць. Гэтак вы можаце мяне 10 разоў судзіць за адно і тое ж», — настойваў палітык.

Чаму забралі Біблію?

Павал Севярынец расказаў пра ўмовы, у якіх ён адбыў 31 дзень на Акрэсьціна. З гэтага тэрміну ўжо 19 дзён палітык правёў у карцары.

«У мяне забралі ўсе рэчы, нават Біблію. Чаму? Забойцы зь Бібліяй сядзяць, а тут... Сяджу 31 дзень бяз душу, даюць толькі літар халоднай вады. У такіх умовах яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку жанчыны. Што адбываецца ў цэнтры Эўропы? Давайце ж будзем людзьмі», — заклікаў суд праз скайп Павал Севярынец.

Вольга Севярынец (у шэрым) на дыстанцыйным судзе над ейным мужам, палітвязьнем Паўлам Севярынцам
Вольга Севярынец (у шэрым) на дыстанцыйным судзе над ейным мужам, палітвязьнем Паўлам Севярынцам

У пратаколах сьведак — «па нядзелях», у паказаньнях для суду — «па суботах»

Суд апытаў двух сьведак-міліцыянтаў, чые пратаколы, як выявілася, складзеныя з аднолькавай фактычнай памылкай.

Сьведкі-міліцыянты Павал Раманаў (зьлева) і Анатоль Абрамчук
Сьведкі-міліцыянты Павал Раманаў (зьлева) і Анатоль Абрамчук

Паводле сьведкі Паўла Раманава з Савецкага РУУС, Севярынец «казаў людзям зьбірацца кожную суботу каля Камароўскага рынку».

«Але ў які час, не казаў», — удакладніў свае паказаньні сьведка Раманаў пасьля пытаньняў адваката. У канцы допыту сьведкі высьветлілася, што ў ягоным рапарце фігуруе заклік Севярынца зьбірацца не па суботах, а па нядзелях. «Цяпер лепш памятаю, што ўсё ж па суботах», — патлумачыў сьведка.

Другі сьведка, участковы міліцыянт Анатоль Абрамчук, у сваіх паказаньнях таксама сьведчыў, што Севярынец заклікаў людзей прыходзіць на пікеты кожную суботу, і гэтак да 9 жніўня. Між тым у пратаколе, складзеным з удзелам Абрамчука, была ўпісаная не субота, а нядзеля. Чаму пратаколы абодвух сьведак цалкам супадаюць, яны не патлумачылі.

Сьведка-міліцыянт Анатоль Абрамчук
Сьведка-міліцыянт Анатоль Абрамчук

Суд праглядзеў відэазапіс выступу Паўла Севярынца каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня. Севярынец казаў, што «беларусы выходзяць і да 9 жніўня будуць выходзіць у розных гарадах Беларусі на легальныя пікеты». Палітык называў час, калі адбываюцца такія пікеты — па нядзелях а 12 гадзіне, але ня ўказваў пэўных месцаў.

«Вы асудзіце чалавека, які месяц сядзіць без вады»

У апошнім слове Павал Севярынец патлумачыў сваю ўпэўненасьць у тым, што зьмены ў Беларусі непазьбежныя. «Ніколі ня бачыў двухкілямэтровых чэргаў каля рынку, якія паўсталі з траўня падчас збору подпісаў», — кажа Севярынец. У выніку мірных акцыяў, як лічыць Павал Севярынец, «дыктатар Лукашэнка мусіць сысьці».

Жонка Паўла Севярынца Вольга на судзе
Жонка Паўла Севярынца Вольга на судзе

Таксама Павал Севярынец заклікаў судзьдзю спыніць адміністрацыйную справу супраць яго.

«Калі вы прымеце рашэньне мяне асудзіць, дык майце на ўвазе, што вы асудзіце чалавека, які ўжо месяц сядзіць у камэры без вады. Зараз вы можаце спыніць гэтае беззаконьне», — заклікаў суд палітык.

Аднак судзьдзя Вера Галаўкова пастанавіла пакараць Паўла Севярынца яшчэ 15 соднямі арышту. Праз скайп ён пасьпеў крыкнуць «Жыве Беларусь!» і быў адключаны ад сувязі. Аднадумцы Паўла Севярынца, якія прыйшлі падтрымаць яго у судзе, выйшлі з залі са словамі «Ганьба» і «Жыве Беларусь».

Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG