Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International пачала акцыю па вызваленьні Паўла Севярынца


Павел Севярынец падчас збору подпісаў на Камароўцы ў Менску, 7 чэрвеня
Павел Севярынец падчас збору подпісаў на Камароўцы ў Менску, 7 чэрвеня

Праваабаронцы заклікалі накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваньнем неадкладна вызваліць апазыцыйнага палітыка Паўла Севярынца.

«З дакладных крыніц нам стала вядома пра жорсткае абыходжаньне пад вартай з ветэранам беларускай апазыцыі Паўлам Севярынцам, якога арыштавалі 7 чэрвеня. Павал Севярынец — вязень сумленьня, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоў, а да таго часу гарантаваць яго бясьпеку і недатыкальнасьць», — заявіла праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома пасьля таго, як правёў на плошчы перад Камароўскім рынкам у Менску «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.

Суд Фрунзенскага раёна Менска арыштаваў яго на 15 сутак за ўдзел у адным з папярэдніх перадвыбарных пікетаў. Пазьней Севярынцу былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у іншых акцыях. У выніку некалькіх судовых пасяджэньняў Севярынец атрымаў сумарна 90 сутак арышту.

Паводле Amnesty International, «у адказ на беспрэцэдэнтную мабілізацыю апазыцыі і акцыі пратэсту супраць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі па ўсёй Беларусі ўлады разгарнулі бязьлітасную кампанію па чарненьні і затрыманьню асноўных кандыдатаў у прэзыдэнты па сфабрыкаваных абвінавачваньнях».

Amnesty International заклікала ўлады Беларусі «неадкладна спыніць эскаляцыю атак на правы чалавека, вызваліць усіх, каго ўтрымліваюць пад вартай выключна за мірнае карыстаньне правамі, а таксама прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых у парушэньнях правоў чалавека».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG