Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь накіравала гуманітарную дапамогу Ўкраіне для ліквідацыі наступстваў паводкі


Гуманітарная калёна выяжджае зь Беларусі, 8 ліпеня

Паводле рашэньня Алеяксандра Лукашэнкі Беларусь накіравала гуманітарную дапамогу Украіне для ліквідацыі наступстваў паводкі, паведаміла Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Паводле МНС, груз быў сфармаваны ў самыя кароткія тэрміны.

Калёна ратавальнікаў, якія суправаджаюць груз, выехала ў пацярпелыя раёны раніцай 8 ліпеня на чале з намесьнікам міністра Анатолем Далгаляўцом. Плянуецца, што беларуская дапамога прыбудзе ў Львоў сёньня.

На просьбу ўкраінскага боку Беларусь накіравала ў пацярпелыя раёны дзьве электрастанцыі, мотапомпы, намёты, рукавы пажарныя напорныя рознага дыямэтру агульнай колькасьцю больш за 1,5 тысячы, камплекты індывідуальныя ахоўныя для ліквідацыі наступстваў паводкі.

Агульная маса грузу — 30 тон. У яго фармаваньні ўдзельнічалі МНС, канцэрн «Белнафтахім», унітарнае прадпрыемства «АзотХімФортыс».

У выніку паводкі, выкліканай дажджамі, якія прайшлі 23-25 чэрвеня, пацярпелі пяць абласьцей Украіны. Найбольш цяжкая сытуацыя ў Івана-Франкоўскай вобласьці. Усяго ва Ўкраіне пацярпелі 165 населеных пунктаў, тры чалавекі загінулі, цалкам разбурана 110 кілямэтраў дарог, зьнішчана 19 мастоў. У пацярпелых населеных пунктах разбурана частка будынкаў, адсутнічае газазабесьпячэньне і перабоі з электрычнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG