Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнік Symbal.by дамовіўся з МНС і спадзяецца, што крама адновіць працу


Крама Symbal.by
Крама Symbal.by

Уладальнік крамы нацыянальнай сымболікі Symbal.by Павал Белавус дамовіўся з Савецкім раённым аддзелам надзвычайных сытуацый Менску ліквідаваць выяўленыя парушэньні.

Павал Белавус наведаў райаддзел, які 29 чэрвеня падаў у Эканамічны суд Менску заяву аб прыпыненьні дзейнасьці крамы.

«Падчас размовы з намесьнікам начальніка аддзелу МНС удалося дамовіцца, што выяўленыя ў нас парушэньні мы ў найбліжэйшы час выправім. Узамен ў судзе, які адбудзецца 16 ліпеня, яны пацьвердзяць, што прэтэнзій да нас няма. Спадзяёмся, на гэтым уся гісторыя скончыцца», — паведаміў БелаПАН уладальнік крамы.

Паводле яго, выяўленыя 23 чэрвеня інспэктарам МНС парушэньні ў працы крамы нязначныя. Таксама яму далі раздрукоўку ананімнай скаргі, аўтар якой наракаў на староньнія пахі ў краме.

«Аб паходжаньні гэтага ліста мне не паведамілі, але адзначылі, што абавязаны на такія заявы рэагаваць. Інспэктар прыйшоў у сувязі з гэтым, а паралельна знайшоў іншыя парушэньні. Але ніякіх пахаў у памяшканьні крамы не было», — сказаў дырэктар Symbal.by.

Белавус таксама адзначыў, што электразабесьпячэньне адноўлена і цяпер трэба актам праверкі пацьвердзіць працаздольнасьць пажарнай сыстэмы.

«У адзін дзень зьнікла электрычнасьць. Электрык сказаў, што ў электрашчытавой адсутнічае дэталь, якая замыкае сетку да нашага памяшканьня. Куды падзеўся гэты элемэнт, невядома. Адмаўляўся прыходзіць электрык ЖЭУ-2 Савецкага раёну, кажучы, што ў нас няма дамовы на абслугоўваньне юрыдычнага памяшканьня. Некалькі тыдняў мы патрацілі на тое, каб заключыць дадатковыя дамовы, і толькі пасьля гэтага праблему ліквідавалі. І якраз у момант адсутнасьці электрычнасьці прыйшла праверка з МНС», — сказаў Белавус.

Ціск на Symbal.by пачаўся 12 чэрвеня пасьля канфіскацыі ў кур’ера 419 маек з надпісам «ПСІХО3%».

15 чэрвеня супрацоўнікі аддзелу ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РУУС Менска правялі агляд крамы Symbal.by. Былі складзеныя пратаколы, канфіскавалі частку бухгальтарскіх дакумэнтаў.

23 чэрвеня Symbal.by абвясьціў аб спыненьні працы з 29 чэрвеня. У той жа вечар людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сымболікай. Да крамы пад’ехаў аўтазак зь сілавікамі, пачаліся затрыманьні. У дачыненьні да некаторых склалі пратаколы паводле артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы) і 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG