Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа падтрымлівае расейскую журналістку Сьвятлану Пракоп’еву


Сьвятлана Пракоп’ева

Мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода выказвае падтрымку расейскай журналістцы Святлане Пракопʼевай, якой пагражае 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў апраўданьні тэрарызму. Такое пакараньне 3 ліпеня запатрабавалі ў судзе ў Пскове прадстаўнікі пракуратуры.

«Мы абураныя тым, што расейскія ўлады гатовыя бязьлітасна расправіцца зь незалежнай, добра вядомай журналісткай, якая зьдзейсьніла нешта цалкам супрацьлеглае таму, у чым яна абвінавачваецца. Меркаваньне Сьвятланы ўяўляла сабой спробу разабрацца ў прычынах трагедыі; прадстаўляць яе словы як „апраўданьне тэрарызму“ — гэта наўмыснае, палітычна матываванае скажэньне праўды, накіраванае на тое, каб заглушыць крытычны голас. Гэта нагадвае найгоршыя прыклады паказальных працэсаў, якія праходзілі ў адну з самых змрочных эпох у гісторыі Расеі», — гаворыцца ў заяве Дэйзі Сындэлар, якая выконвае абавязкі прэзыдэнта карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

У абарону Пракопʼева раней выступілі міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі, расейскія палітыкі і грамадзянскія актывісты.

Судовы працэс адбываецца ў Другім заходнім акруговым судзе ў Пскове. У пятніцу праходзяць дэбаты бакоў.

Сьвятлану Пракопьеву абвінавачваюць у апраўданьні тэрарызму (частка 2 арт. 205.2 КК РФ). Крымінальную справу супраць Пракопʼевай распачалі ў лютым 2019 году ў сувязі зь яе выказваньнямі ў эфіры «Эхо Москвы ў Пскове» аб магчымых матывах Міхаіла Жлобіцкага, які падарваў сябе ў будынку архангельскага ўпраўленьня ФСБ. Асноўныя думкі яе выступленьня былі пераказаныя таксама ў аўтарскай калёнцы. Сьвятлана Пракоп’ева ў эфіры радыё «Эхо Москвы» выказала думку, што дзяржава «сама выхавала» пакаленьне грамадзян, якое змагаецца зь ім. Выступаючы ў судзе, Пракопʼева заявіла, што напісала аўтарскую калёнку аб выбуху ў будынку архангельскага ФСБ, каб такія тэракты не паўтарыліся ў будучыні.

У пятніцу бок абвінавачаньня папрасіла суд прызначыць 6 гадоў калёніі Пракопʼевай у справе аб апраўданьні тэрарызму. Пракуратура таксама просіць забараніць ёй займацца журналістыкай на працягу 4 гадоў.

Пракопʼева 3 ліпеня выступіла з апошнім словам. Яна не прызнала сваю віну.

«Мне ня страшна крытыкаваць дзяржаву. Мне ня страшна крытыкаваць праваахоўную сыстэму і казаць сілавікам, што яны часам ня маюць рацыі. Таму што я ведаю, што па-сапраўднаму страшна станецца, калі я гэтага не скажу, калі ніхто ня скажа. Я прашу паважаны суд, прымаючы рашэньне па маёй крымінальнай справе, браць у разьлік не толькі дакладныя запіскі і пратаколы, але і самыя агульныя прынцыпы, на якіх будуецца наша грамадзтва. Гэта свабода слова, гэта статус журналіста, гэта місія прэсы. Я выконвала сваю працу. Я не зрабіла нічога, што выходзіць за рамкі майго прафэсійнага абавязку. Ніякага складу злачынства ў гэтым няма», — сказала Пракопֹ'ева. Поўны тэкст апошняга слова можна прачытаць тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG