Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне пачаўся суд у справе аб забойстве журналіста Хашокджы


Джамаль Хашокджы
Джамаль Хашокджы

Суд у Турэччыне пачаў разглядаць справу аб забойстве ў Стамбуле ў кастрычніку 2018 года саудаўскага журналіста Джамаль Хашокджы.

Абвінавачваньні выстаўленыя супраць 20 грамадзян Саудаўскай Арабіі. Іх судзяць завочна.

Журналіст, вядомы рэзкай крытыкай на адрас уладаў Саудаўскага каралеўства, перш за ўсё, насьледнага прынца Мухамэда бін-Салмана, быў забіты ў консульстве сваёй краіны. Эр-Рыяд сьцьвярджае, што яго гібель стала вынікам грубай спэцапэрацыі, і што кіраўніцтва краіны гэтага не санкцыянавала.

Сярод тых, каго судзяць у Турэччыне, былы намесьнік кіраўніка саудаўскай выведкі Ахмэд аль-Асіра і экс-дарадца каралеўскай сям’і Сауд аль-Кахтані. Іх абвінавачваюць у падбухторваньні да наўмыснага забойства. Паводле зьвестак сьледзтва, цела журналіста разьдзялілі і вынесьлі з будынка дыпмісіі. Астанкі да гэтага часу ня знойдзеныя.

У сьнежні мінулага года суд у Саудаўскай Арабіі вынес сьмяротны прысуд пецярым абвінавачаным у справе аб гібелі Хашокджы, яшчэ трое абвінавачаных атрымалі турэмныя тэрміны. Слуханьні праходзілі пры зачыненых дзьвярах.

У красавіку мінулага года Дзярждэпартамэнт ЗША ўнёс у сьпіс грамадзян, якім забаронены ўезд у краіну, 16 чалавек, у тым ліку аль-Кахтані. Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі выказвалі меркаваньне, што за забойствам Джамаля Хашокджы, які апошнім часам жыў у ЗША і супрацоўнічаў з газэтай The Washington Post, можа стаяць асабіста прынц Салман.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG