Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Расеі пасьля падліку чвэрці бюлетэняў: за папраўкі ў Канстытуцыю — 73%, супраць — 25%


У Расеі закрыліся ўчасткі для галасаваньня па папраўках да Канстытуцыі. 1 ліпеня было апошнім днём галасаваньня, якое ішло цэлы тыдзень.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, пасьля апрацоўкі чвэрці бюлетэняў больш за 73% тых, хто прыйшоў на ўчасткі, падтрымалі папраўкі. Амаль 26% выказаліся супраць. Яўка склала 65%.

Найбольшая колькасьць прыхільнікаў паправак, паводле дадзеных ЦВК, была ў Рэспубліцы Тыва — там зьмены Канстытуцыі падтрымалі звыш 97% выбарнікаў. Найбольшая колькасьць праціўнікаў зьменаў — у Якуціі, дзе супраць паправак прагаласавалі больш за 40% ад тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Але ў цэлым, калі верыць дадзеным ЦВК, ва ўсіх рэгіёнах Расеі прыхільнікаў паправак аказалася больш, чым праціўнікаў.

У Рэспубліцы Комі пры падліку 5% пратаколаў атрымалася, што 68% выбарнікаў прагаласавалі супраць паправак, аднак пры падліку 28% пратаколаў высьветлілася, што супраць паправак прагаласавала 33%, за — 66%.

Паводле апошніх афіцыйных дадзеных, на электронным галасаваньні, якое было даступнае жыхарам Масквы і Ніжняга Ноўгарада, большасьць выбарнікаў выказаліся за зьмену Канстытуцыі: у Маскве — больш 62% (супраць — больш за 37%), у Ніжагародзкай вобласьці — амаль 60% (супраць — каля 40%).

Арганізатары кампаніі «НЕ!», якія выступаюць супраць унясеньня зьменаў у Канстытуцыю Расеі, абвясьцілі дадзеныя экзітполаў, праведзеных імі на выбарчых участках. Паводле іх дадзеных, у сталіцы супраць паправак прагаласавалі амаль 55% апытаных, падтрымалі папраўкі крыху менш за 45% рэспандэнтаў.

У Пецярбургу супраць паправак выказаліся звыш 63% удзельнікаў апытаньня, падтрымалі папраўкі амаль 37% апытаных. У дасьледаваньнях узялі ўдзел больш за 7 тысяч чалавек.

Іншыя крыніцы, у асноўным зьвязаныя з праўладнымі структурамі, абнародуюць зусім іншыя лічбы экзітполаў. Напрыклад, па дадзеных Санкт-Пецярбурскага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру папраўкі падтрымалі звыш 71% гараджан.

Унясеньне зьменаў у Канстытуцыю Расеі было ініцыяванаерасейскім прэзыдэнтам Ўладзімірам Пуціным у студзені. Тады ж ён заявіў, што папраўкі павінныя быць ухваленыя ўсенародным галасаваньнем, хоць закон гэтага не патрабаваў.

Датэрміновае галасаваньне па папраўках пачалося 25 чэрвеня. У электронным выглядзе яно было даступнае жыхарам Масквы і Ніжагародзкай вобласьці. Асноўным днём галасаваньня было абвешчанае 1 ліпеня. Яго зрабілі выходным.

Для ўступленьня паправак у сілу неабходна, каб іх ухвалілі больш за палову ўдзельнікаў усенароднага галасаваньня. Яўка значэньня ня мае — у адрозьненьні ад рэфэрэндуму, дзе патрабуецца, каб на ўчасткі прыйшлі больш за палову выбарнікаў.

Шэраг прадстаўнікоў расейскай апазыцыі заклікалі байкатаваць галасаваньне, сьцьвярджаючы, што ва ўладаў ёсьць усе інструмэнты для таго, каб яго сфальсыфікаваць. Іншыя заклікалі прыйсьці на ўчасткі і прагаласаваць супраць.

У ліку зьменаў Канстытуцыі, якія найбольш абмяркоўваюцца — прыярытэт расейскай Канстытуцыі над міжнародным правам і «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў, якое ў выпадку прыняцьця паправак дазволіць Пуціну яшчэ двойчы абірацца на пасаду кіраўніка краіны. Таксама будуць пераразьмеркаваныя паўнамоцтвы паміж галінамі ўлады — прэзыдэнт атрымае яшчэ больш паўнамоцтваў, чым цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG