Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей расказаў пра пэрспэктывы паставак нафты з ЗША і вяртаньня амбасадараў


Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей, архіўнае фота
Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей, архіўнае фота

Пастаўка нафты з ЗША ў пачатку чэрвеня не была аднаразовым крокам, пастаўкі будуць працягвацца ў рамках доўгатэрміновай праграмы, заявіў міністар замежных спраў Уладзімер Макей 30 чэрвеня, паведамляе БелТА.

«Зразумела, што трэба заўсёды глядзець на эканоміку і купляць там, дзе таньней, — сказаў міністар. — Але, навучаныя горкім вопытам розных крызісаў, фінансава-эканамічных у тым ліку, мы прыйшлі да высновы, што дывэрсыфікацыя [паставак нафты] — гэта жыцьцёва неабходны прынцып, палітыка нашай дзяржавы».

Макей згадаў даручэньне Лукашэнкі забясьпечыць каля 30% неабходнага аб’ёму нафты за кошт паставак з альтэрнатыўных Расеі крыніц. Паводле Макея, графік паставак нафты з ЗША ўжо «зьвярстаны „Белнафтахімам“». Таксама Беларусь «мае намер актыўна працаваць над пастаўкамі вуглевадародаў зь іншых крыніц, у тым ліку з Блізкага Ўсходу, іншых дзяржаваў».

Першы танкер з 77 тысячамі тон амэрыканскай нафты прыбыў у порт Кляйпэды 5 чэрвеня, далей нафту даставілі чыгункай на наваполацкі «Нафтан». Гэта была 12-я танкерная пастаўка ў 2020 годзе ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Агульны абʼём такіх паставак перавысіў 1 млн тон нафты.

Беларусь неўзабаве ўзгодніць кандыдатуру амбасадара ў ЗША

Паводле Макея, Беларусь у хуткім часе завершыць унутрыдзяржаўныя працэдуры па ўзгадненьні кандыдатуры на пасаду амбасадара ў ЗША.

«Мы зацікаўленыя, каб амбасадар прыбыў у ЗША, у Вашынгтон, і пачаў працаваць як мага хутчэй. Сапраўды гэтак жа ў гэтым зацікаўлены амэрыканскі бок», — сказаў Макей і паабяцаў, што імя новага амбасадара назавуць, як толькі завершаць усе працэдуры — «у найбліжэйшыя месяц — паўтара, максымум два».

Як апавяла ў гутарцы з журналістамі часовая павераная ў справах ЗША Джэніфэр Мур, кандыдатура амбасадара ЗША ў Беларусі цяпер праходзіць узгадненьне ў сэнаце. «Як правіла, гэты працэс даволі павольны», — патлумачыла дыпляматка і дадала, што абмен амбасадарамі «асабліва падкрэсьліць паляпшэньне нашых адносін».

Беларусь і ЗША ў гэтым годзе заявілі пра намер абмяняцца амбасадарамі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп высунуў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесьніка памочніка дзяржсакратара ў справах Заходняй Эўропы і Эўразьвязу Джулі Фішэр. Яна можа стаць першым амбасадарам ЗША ў Беларусі з 2008 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG