Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкер з амэрыканскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Клайпеды


Нафтаздабываючая вытворчасьць у Рэчыцы, архіўнае фота
Нафтаздабываючая вытворчасьць у Рэчыцы, архіўнае фота

Танкер з амэрыканскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Клайпеды, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім»​ Аляксандар Цішчанка.

Танкер адбыў у напрамку Літвы 17 траўня з порта Beaumont (ЗША).

«У порт Клайпеды 5 чэрвеня ў 23 гадзіны прыбыў і стаў пад разгрузку танкер з 77 тысячамі тон амэрыканскай нафты гатунку Bakken. Далей нафта будзе накіравана па чыгунцы на Наваполацкі НПЗ», — адзначыў Цішчанка.

Паводле ягоных словаў, гэта 12-я танкерныя пастаўкі сёлета ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты. Агульны аб'ём танкерных паставак ужо перавысіў 1 мільён тон нафты.

Пра пачатак паставак амэрыканскай нафты ў Беларусь паведаміў раней дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэа.

«У Беларусь адправіцца першая партыя амэрыканскай сырой нафты. Гэтая канкурэнтная зьдзелка, складзеная амэрыканскім энэргетычным трэйдарам United Energy Trading пры садзейнічаньні амэрыканскай фірмы Getka і польскага партнэра UNIMOT, умацоўвае беларускі сувэрэнітэт і незалежнасьць, дэманструе, што Злучаныя Штаты гатовыя даць гандлёвыя магчымасьці амэрыканскім кампаніям, зацікаўленым у выхадзе на беларускі рынак, і выконвае абавязацельствы, узятыя Злучанымі Штатамі перад Беларусьсю ў лютым з кіраўнікамі ўрадаў у Менску», - гаворыцца ў камэнтары Пампэа.

Падзею пракамэнтаваў 15 траўня міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей.

«З задавальненьнем пацьвярджаю пачатак паставак нафты з ЗША ў Беларусь. Гэта стала магчымым па выніках дамоўленасьцяў, дасягнутых падчас візыту ў Рэспубліку Беларусь 1 лютага 2020 года дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампэа і сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам», — адзначалася ў камэнтары.

Як заўважыў Макей, ажыцьцяўленьне паставак амэрыканскай нафты зьяўляецца часткай «дзяржаўнай стратэгіі па дывэрсыфікацыі крыніц (забесьпячэньня) і забесьпячэньню ўстойлівай працы нафтаперапрацоўчага комплексу Беларусі ў 2020-м і ў наступныя гады».

Пампэа наведаў Менск 1 лютага 2020 году. Гэта быў першы за апошнія 25 гадоў візыт у Беларусь дзяржсакратара ЗША. Па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам дзяржсакратар заявіў, што амэрыканскія вытворцы гатовыя забясьпечыць Беларусь нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах. Такая прапанова прагучала на фоне сытуацыі, калі буйныя нафтавыя кампаніі Расеі прыпынілі пастаўкі нафты ў Беларусь сёлета 1 студзеня, бо не былі дасягнутыя дамоўленасьці аб цане.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG