Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказалі ў штабе Бабарыкі пра забракаваныя подпісы

абноўлена

Віктар Бабарыка

На пытаньні падчас стрыму адказаў юрыст Максім Знак.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У Савецкім раёне Гомля выбарчая камісія прызнала несапраўднымі 4870 подпісаў за Віктара Бабарыку і 1956 подпісаў за Валера Цапкалу. У штабе Бабарыкі сказалі, што «зьдзіўленыя» гэтым фактам.

Пра гэта падчас стрыму расказаў юрыст з каманды Віктара Бабарыкі Максім Знак.

«У штабе мы зьдзіўленыя тым, што адбылося. Мы пададзім скаргі, бо мы ўпэўненыя, што з подпісамі ўсё ў парадку. У нас пакуль у Савецкім раёне Гомля больш за 4 тысячы подпісаў пад пагрозай, але гэта менш за 1% здадзеных подпісаў. Мы таксама бачым, што дзесьці подпісы былі прынятыя цалкам, дзесьці былі адбракаваныя адзінкі», — сказаў юрыст.

Ён адзначыў, што калі подпісы прызнаюць несапраўднымі, у акце павінна быць інфармацыя з тлумачэньнем. Усе гэтыя рашэньні можна аспрэчыць.

Пра неўключэньне ў камісіі «честных людей»

У склад участковых выбарчых камісій уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Чэсныя людзі». Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах за мяжой.

Усяго на плятформе «Чэсныя людзі» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі.

Паводле Максіма Знака, «патэнцыйна ва ўчастковыя камісіі маглі б узяць усіх».

«У большасьці камісій сябры камісіі працуюць у адным калектыве. Усе яны трапілі на ўчастак рознымі шляхамі, але розныя арганізацыі не згаворваючыся накіравалі туды сваіх супрацоўнікаў. Гэта дзіўныя падзеі з пункту гледжаньня матэматыкі. Калі высьветліцца, што абіралі людзей з аднаго калектыву, то гэта дыскрымінацыя. Калі толькі тых, хто меў досьвед працы на выбарах — гэта таксама дыскрымінацыя», — сказаў Максім Знак.

Пра назіральнікаў за выбарамі

Паводле Максіма Знака, чым больш будзе назіральнікаў, тым лепш. Зарэгістравацца назіральнікамі людзі могуць нават у дзень выбараў, 9 жніўня.

Пра зьмену Канстытуцыі

Розьніца паміж цяперашняй Канстытуцыяй і Канстытуцыяй узору 1994 году — у паўнамоцтвах розных галінаў улады. Паводле цяперашняй Канстытуцыі, у нас «моцная форма прэзыдэнцкай рэспублікі». А ў 1994 годзе «маюцца сур’ёзныя паўнамоцтвы ў парлямэнту».

Частка чыноўнікаў прызначаецца парлямэнтам, частка прэзыдэнтам.

Пытаньне дзяржаўнай мовы Максім Знак прапануе вынесьці на рэфэрэндум.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG