Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэстава-псыхалягічная апэрацыя, а ня СМІ». На БТ абвінавацілі Свабоду ў каардынацыі пратэстаў


Ілюстрацыйнае фота

У «Клюбе рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі абвінаваціў Радыё Свабода ў каардынацыі пратэстаў у краіне празь відэастрымы.

Іван Эйсмант прысьвяціў працы Радыё Свабода асобны блёк, запрасіўшы ўдзельнікаў перадачы паразмаўляць пра «тых людзей, якія ўсё каардынуюць і кіруюць гэтым у нейкіх сваіх мэтах». Мэты, на думку кіраўніка БТ, могуць быць або фінансавыя, або прыход да ўлады.

Іван Эйсмант працытаваў выказваньне міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева пра тое, што «стрымы Радыё Свабода замянілі стрымы Ціханоўскага» і што пратэсты ў Беларусі «кіруюцца праз стрымы Радыё Свабода».

Паводле Эйсманта, Радыё Свабода ўжо спрабавала адказваць на крытыку пра датычнасьць да пратэстаў у Беларусі, але, на яго думку, адказы былі «непераканаўчыя».

«Калі ўважліва паглядзець гэтыя дзівосныя стрымы Радыё Свабода з усіх гэтых пікетаў, якія ператвараліся ў масавыя мерапрыемствы, што пацьверджана загалоўкамі ў незалежных СМІ, канечне, там абсалютна праглядаецца тэхналёгія. «Чаго вы прыйшлі?» — «Я незадаволены». «За каго будзеце галасаваць?» — «Я буду галасаваць супраць». «А хто пераможа?» — «Пераможам, бадай што, ня мы». «А што вы будзеце рабіць 9 жніўня?..» Ці зьяўляецца гэта сродкам масавай інфармацыі, калі ты, па сутнасьці, зьяўляесься каардынатарам?» — сказаў Эйсмант.

Яго падтрымаў кіраўнік міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» Уладзімер Пярцоў.

«Гэта да СМІ ня мае ніякага дачыненьня. Гэта ўжо актыўная пратэстава-псыхалягічная апэрацыя, якая зь іншай вобласьці», — заявіў ён.

«Ці нармальна, калі СМІ, якое фінансуецца Дзярждэпартамэнтам, зьяўляецца, па сутнасьці каардынатарам?» — дадаў Эйсмант.

Дарэчы, заява Івана Эйсманта, што Радыё Свабода фінансуецца Дзяржаўным дэпартамэнтам, не адпавядае сапраўднасьці. Праца Радыё Свабода фінансуецца Кангрэсам ЗША.

Напрыканцы перадачы Іван Эйсмант паабяцаў апублікаваць дакумэнтальнае відэа, якое, на яго думку, пацьвярджае словы пра кіраваньне стрымамі масавых пратэстаў.

«Мы ўважліва паглядзелі ўсе стрымы, якія былі апошнім часам, і я абяцаю дакумэнтальнае відэа ў пацьверджаньне тых словаў, якія вы казалі. Вы будзеце зьдзіўленыя, пасьля таго як паглядзіце. Вы ўбачыце, што працуе самая сапраўдная сыстэма, якой кіруюць у розных пунктах. У нас матэрыял ёсьць, але пакуль, здаецца, ня час яго паказваць. Але час, магчыма, прыйдзе», — сказаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі.

Які бюджэт мае Радыё Свабода і хто яго фінансуе

Інфармацыя пра крыніцы фінансаваньня і фундатараў Радыё Свабода адкрытая і разьмешчаная на афіцыйных сайтах кампаніі.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода фінансуецца Кангрэсам ЗША праз Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM). Гэта незалежнае фэдэральнае дзяржаўнае агенцтва, якое рэгулюе працу ўсіх міжнародных мэдыя ЗША. У структуру Агенцтва разам з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ўваходзяць Голас Амэрыкі, Радыё і ТВ Марці, Радыё Свабодная Азія, Радыё Сава і Альгура.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода вядзе працу на 27 мовах у 23 краінах сьвету. Мае больш за 600 супрацоўнікаў у асноўных офісах і 750 фрылянсэраў у 20 бюро па ўсім сьвеце.

Бюджэт Радыё Свабода на ўсе гэтыя мэты і структуры, адобраны Кангрэсам ЗША ў 2019 годзе, складае 124 мільёны даляраў.

Для параўнаньня, бюджэт адной Белтэлерадыёкампаніі складае ў 2020 годзе 60 мільёнаў даляраў, якія выдаткоўваюцца зь бюджэту Рэспублікі Беларусь.

Місія Радыё Свабода

Місія Радыё Свабода — падтрымка дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў шляхам пашырэньня інфармацыі і ідэяў.

Ад Цэнтральнай Эўропы да Ціхага акіяну, ад Балтыкі да Чорнага мора, ад Расеі да Цэнтральнай Азіі і Пэрсыдзкай затокі, народы вядуць змаганьне супраць аўтакратычных уладаў, парушэньняў правоў чалавека, цэнтралізаванай эканомікі, этнічнай і рэлігійнай варажнечы, рэгіянальных канфліктаў і кантролю над сродкамі масавай інфармацыі.

Стабільнасьць ва ўсім гэтым рэгіёне — заснаваная на прынцыпах дэмакратыі і свабоднага рынку — мае ключавое значэньня для міру ва ўсім сьвеце. Грунтуючыся на перакананьні, што першая неабходная ўмова дэмакратыі — гэта добра інфармаванае грамадзтва, і маючы за сабой паўстагодзьдзя традыцыі альтэрнатыўнага вяшчаньня на згаданы рэгіён:

1. РС перадае аб’ектыўныя навіны, аналітыку і дыскусіі на мясцовыя і рэгіянальныя тэмы, важныя для посьпеху дэмакратычных і рынкавых пераўтварэньняў.

2. РС умацоўвае грамадзянскую супольнасьць, пашыраючы дэмакратычныя каштоўнасьці.

3. РС змагаецца супраць этнічнай і рэлігійнай нецярпімасьці і пашырае ўзаемаразуменьне паміж народамі.

4. РС падае прыклад мясцовым сродкам масавай інфармацыі, дапамагае ў падрыхтоўцы журналістаў для павышэньня іх прафэсіяналізму і незалежнасьці і разьвівае партнэрскія сувязі зь мясцовымі інфармацыйнымі арганізацыямі.

5. РС спрыяе разьвіцьцю цясьнейшых сувязяў паміж краінамі рэгіёну і краінамі з глыбокімі дэмакратычнымі традыцыямі.

РСЭ/РС фінансуецца як прыватная арганізацыя з гранту Кангрэсу ЗША праз Агенцтва ЗША для глябальных мэдыяў (USAGM).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG