Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заявіў, што МЗС Беларусі не плянуе пазбаўляць акрэдытацыі журналістаў Радыё Свабода


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей патлумачыў, у якім выпадку ягонае ведамства можа пазбавіць акрэдытацыі беларускіх карэспандэнтаў амэрыканскага Радыё Свабода, паведамляе TUT.BY.

«Радыё Свабода зьяўляецца ўрадавай структурай ЗША. Шмат хто з журналістаў, акрэдытаваных у Беларусі, працуюць у якасьці яго карэспандэнтаў. І калі хочуць працаваць у якасьці штатных супрацоўнікаў — гэта адно. Але калі яны займаюцца адначасна іншай дзейнасьцю, зьвязанай з працай у нейкіх незалежных тэлеканалах, тэлеграм-каналах, то гэта іншае. Падобным дзеяньням можа быць дадзена адпаведная ацэнка. Мы кантактавалі з амэрыканскімі партнэрамі наконт гэтага, і ў нас аднолькавыя погляды на гэтае пытаньне», — адзначыў Уладзімер Макей.

Пры гэтым ён запэўніў, што на сёньня рашэньня аб пазбаўленьні акрэдытацыі кагосьці з журналістаў Радыё Свабода няма. Падставай да абмеркаваньня стала затрыманьне 25 чэрвеня блогера Ігара Лосіка, які ня быў акрэдытаваным журналістам Свабоды, але зьяўляецца фрылянсэрам-кансультантам Радыё Свабода.

«Калі ён мае дачыненьне да Свабоды, то павінен выконваць правілы і нормы заканадаўства, — перакананы міністар. — Я разумею, што чарговы раз буду уключаны ў сьпіс ворагаў прагрэсіўнага чалавецтва, але хачу выказаць свой пункт гледжаньня. Лосік, наколькі мне вядома, вёў тэлеграм-канал. Калі ён паралельна займаецца нейкімі іншымі рэчамі і парушае, магчыма, беларускае заканадаўства, значыць, могуць быць прынятыя адпаведныя захады».

Уладзімер Макей спаслаўся на «вычарпальныя камэнтары» кіраўніка МУС Юрыя Караева, які напярэдадні абвінаваціў Радыё Свабода і тэлеграм-каналы ў «кіраваньні вулічнымі акцыямі».

Пазыцыя Радыё Свабода

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай наконт затрыманьня фрылянсэра-кансультанта Радыё Свабода.

«Мы асуджаем затрыманьне незалежнага блогера, кансультанта Радыё Свабода і былога стыпэндыята Вацлава Гаўла Ігара Лосіка, а таксама ўчынены налёт на яго кватэру. Вядзеньне блогу не зьяўляецца злачынствам. Мы патрабуем, каб ён быў неадкладна вызвалены, каб яму вярнулі любыя канфіскаваныя матэрыялы і абсталяваньне, а беларускія чыноўнікі каб спынілі перасьлед людзей, якія выконваюць важную працу інфармаваньня грамадзкасьці пра падзеі, зьвязаныя з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне», — заявіла Дэйзі Сындэлар.

На канал Ігара Лосіка «РБ головного мозга» падпісаны 167 тысяч чалавек. Ён актыўна асьвятляе падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18-19 чэрвеня. На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. 25 чэрвеня пасьля ператрусу Ігара Лосіка затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG