Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гуляецца ў гісторыка». Нямецкія навукоўцы пра артыкул Пуціна


Уладзімір Пуцін вытупае каля магілы Невядомага салдата ў Маскве 9 траўня 2020 году.

22 чэрвеня Юлія Обэртрайс, прафэсар унівэрсытэту Фрыдрыха-Аляксандра ў Баварыі, атрымала электронны ліст ад пасольства Расеі ў Бэрліне.

У дадатку утрымліваўся нямецкі пераклад артыкулу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра Другую сусьветную вайну — 9 тысяч слоў.

«Артыкул расейскага прэзыдэнта, без сумневу, выкліча значную цікавасьць сярод вашых чытачоў, — гаварылася ў суправаджальнай частцы ліста. — Улічваючы гэта, мы прапануем выкарыстоўваць артыкул Уладзіміра Пуціна пры падрыхтоўцы будучых лекцый па гісторыі».

Обэртрайс напісала пра гэта ў твітэры — і тут высьветлілася, што падобныя лісты атрымалі і іншыя нямецкія гісторыкі:

«Ня ўпэўнена, сьмяяцца мне ці плакаць», — напісала Анкэ Хільбрэнэр, гісторык Усходняй Эўропы з унівэрсытэту Гётынгену.

«Пуцін зноў гуляецца ў гісторыка», — напісаў у твітэры Марцін Аўст з унівэрсытэту Бону.

Артыкул Пуціна быў апублікаваны спачатку на ангельскай мове ў часопісе The National Interest пад загалоўкам «Рэальныя ўрокі 75-годзьдзя Другой сусьветнай вайны». У ім Пуцін выказаў погляды, якія актыўна прапагандуе Расея ў апошнія гады, крытыкаваў тое, што Масква называе заходнім скажэньнем гісторыі Другой сусьветнай вайны, і нагадваў пра ролю Савецкага Саюзу ў перамозе над нацысцкай Нямеччынай — цаной жыцьця 27 мільёнаў чалавек.

Артыкул выклікаў крытычныя водгукі. У прыватнасьці, у артыкуле выкарыстоўвалася цытата, аўтарства якой прыпісваецца фюрэру нацысцкай Нямеччыны Адольфу Гітлеру, але крыніцы гэтай цытаты сумнеўныя. Крэмль, зрэшты, адмаўляў гэта, сьцьвярджаючы, што ўсе цытаты правераныя паводле архіваў.

Артыкул выклікаў незадаволенасьць балтыйскіх краін праз сьцьвярджэньні, што яны былі згодныя на акупацыю савецкімі войскамі ў 1940 годзе. Польшча асудзіла сьцьвярджэньне, што яна таксама нясе адказнасьць за двайную акупацыю сіламі нацысцкай Нмеччыны і СССР — у адпаведнасьці з сакрэтным пратаколам пакту Молатава — Рыбэнтропа, які Пуцін лічыць абарончым.

Гісторык Марцін Аўст у камэнтары для Радыё Свабода спачувальна паставіўся да некаторых сьцьвярджэньняў Пуціна, у прыватнасьці, асуджэньня брытанска-францускай спробы ўлагодзіць Гітлера ў 1938 годзе (Мюнхэнскае пагадненьне) і падкрэсьліваньне пакут савецкага народу пасьля нямецкага ўварваньня 1941 году, але астатнія часткі артыкулу назваў скажэньнем гісторыі:

«Ніводзін гісторык у Нямеччыне не падпішацца пад абвінавачваньнямі на адрас Польшчы ў разьвязваньні Другой сусьветнай вайны. Гэта вельмі дзіўна. Магу выказаць здагадку, што мае калегі выкарыстоўваюць тэкст Пуціна як крыніцу для вывучэньня выкарыстаньня гісторыі ў палітыцы і культуры антаганістычныя памяці».

  • Прадстаўнік расейскай амбасады ў Бэрліне Ільля Ражкоў заявіў Радыё Свабода, што ліст нямецкім навукоўцам насіў «выключна інфармацыйны характар з мэтай дапамагчы чытачам атрымаць аб’ектыўны погляд на матэрыял».
  • Амбасада адказала і на твіт прафэсара Обэртрайс, заявіўшы, што артыкул Пуціна выклікаў дэбаты ў нямецкім грамадзтве і што амбасада проста падзялілася ёю зь нямецкімі экспэртамі, каб людзі зрабілі ўласныя высновы пра артыкул, «без увагі на замежныя ацэнкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG