Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін назваў законнай анэксію балтыйскіх краін Савецкім Саюзам


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Амэрыканскі кансэрватыўны часопіс The National Interest апублікаваў артыкул прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра Другую ўсясьветную вайну. Ён называецца «Сапраўдныя ўрокі 75-гадовай гадавіны Другой усясьветнай вайны».

Пуцін разважае аб прычынах узьнікненьня вайны і яе ўплыве на сучасную гісторыю, аб ролях розных краін у ёй і аб пакце Молатава — Рыбэнтропа.

Кажучы аб прычынах вайны, Пуцін нагадвае пра Вэрсальскую мірную дамову 1919 году, пасьля якой Нямеччына, на думку расейскага прэзыдэнта, пачулася зьняважанаю. Адной з ключавых падзеяў, якія прывялі да вайны, Пуцін лічыць Мюнхэнскае пагадненьне 1938 году, паводле якога Чэхаславаччына мусіла перадаць нацысцкай Нямеччыне памежныя абшары. Менавіта пасьля гэтага пагадненьня, заключанага Францыяй, Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай і Італіяй, Савецкі Саюз, на думку Пуціна, зразумеў, што на Захад у пытаньнях бясьпекі спадзявацца нельга. Пуцін таксама выказаў абвінавачаньні на адрас Польшчы, якая ў 1938 годзе таксама анэксавала частку тэрыторыі Чэхаславаччыны.

Закранаючы пытаньне аб так званым пакце Молатава — Рыбэнтропа, Пуцін нагадвае, што ён быў асуджаны Вярхоўным Саветам СССР як адна з праяваў самаўладзтва Ёсіфа Сталіна. Пры гэты Пуцін лічыць, што пакт быў вымушаным рашэньнем для гарантаваньня бясьпекі СССР. Таксама, на думку прэзыдэнта Расеі, савецкія ўлады «ня мелі альтэрнатывы» вайсковаму ўварваньню ў Польшчу 17 верасьня 1939 году.

Пуцін апраўдвае савецкую акупацыю і анэксію краін Балтыі. На думку расейскага прэзыдэнта, СССР перасьледаваў «стратэгічныя вайсковыя абарончыя мэты», а ўваходжаньне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў СССР было зьдзейсьнена на дагаворнай аснове, «са згоды абраных уладаў» і «адпавядала тагачаснаму міжнароднаму праву».

Як Польшча, так і краіны Балтыі раней ня раз адкідалі падобнае трактаваньне гісторыі і паказвалі на тое, што ў дачыненьні да іх СССР адыграў ролю агрэсара. У рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, прынятай летась да гадавіны пачатку вайны, таксама сьцьвярджалася, што адказнасьць за яе разьвязаньне нясуць як Нямеччына, так і СССР. Гэтую рэзалюцыю Пуцін у артыкуле крытыкуе.

ЗША і большасьць краін Захаду і ў часы СССР не прызнавалі анэксіі краін Балтыі.

Пуцін выступае ў абарону так званай Ялцінскай сыстэмы і лічыць, што лідэры СССР, ЗША і Вялікай Брытаніі на канфэрэнцыях падчас Другой усясьветнай вайны і пасьля яе заканчэньня «змаглі прыйсьці да пагадненьня і дасягнуць рашэньняў, якія прынесьлі карысьць усяму чалавецтву».

Ня кажучы пра гэта адкрыта, Пуцін фактычна праводзіць паралелі паміж Ялцінскай канфэрэнцыяй і ўласнаю прапановаю правесьці сустрэчу лідэраў пяці ядзерных дзяржаваў — Расеі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі і Кітаю. Як піша расейскі прэзыдэнт, такая сустрэча можа прадэманстраваць «агульную прыхільнасьць духу саюзьніцтва, высокім гуманістычным ідэалам і каштоўнасьцям, за якія нашыя бацькі і дзяды ваявалі плячо ў плячо».

Часопіс National Interest выдае Цэнтар нацыянальных інтарэсаў, якім кіруе савецкі эмігрант у ЗША Дзьмітры Саймс. У апошнія гады Саймс стаў частым госьцем палітычных ток-шоў на фэдэральных тэлеканалах Расеі. Амэрыканскі спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер у сваім дакладзе аб умяшаньні Расеі ў выбары ў ЗША згадвае імя Саймса больш за 100 разоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG