Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны — сапраўдны народ». Пэнсіянэрцы з Горадні, якую прызналі хуліганкай, за ноч сабралі грошы на штраф


Станіслава Дамшэль
Станіслава Дамшэль

Пэнсія Станіславы Дамшэль складае 268 рублёў, на штраф за «хуліганства» ёй трэба аддаць дзьве пэнсіі. Але грошы сабралі неабыякавыя людзі.

Гарадзенка Станіслава Дамшэль прыйшла на пікет для збору подпісаў у Горадні. Яе асудзілі за хуліганства 25 чэрвеня, але неабыякавыя людзі сабралі грошы на штраф за некалькі гадзін.

«Цікава даведацца, каго я прыбіла»

63-гадовая Станіслава Дамшэль прысутнічала на тым самым пікеце на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня, калі затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і паплечнікаў. Яна стаяла побач зь месцам, дзе адбылася тузаніна, і, па ейных словах, міліцыянт «упаў да яе ног».

Праз паўтара тыдня да яе дадому прыйшлі міліцыянты і паведамілі, што ў дачыненьні да пэнсіянэркі вядзецца адміністрацыйны працэс за дробнае хуліганства. Яна не пускала іх дадому праз карантын і размаўляла з балькона.

«Цікава даведацца ў міліцыі, каго я прыбіла: міліцыянта, які застаўся валяцца на асфальце, ці таго, які ўцякаў ад свайго ляжачага прыяцеля... Вы ведаеце такіх бабак, якія ўсё жыцьцё нармальна жылі і ў 63 гады сталі хуліганкамі?» — разважала раней Станіслава.

«Трох апамаўцаў здолела адштурхнуць»

Разгляд яе справы прайшоў у судзе Ленінскага раёну Горадні 25 чэрвеня. Жанчына ўдзельнічала ў ім праз скайп, бо знаходзілася на самаізаляцыі. Дамшэль абвінавацілі ў тым, што яна торгала за ручку мікрааўтобуса, у якім сядзеў затрыманы Ціханоўскі, біла рукой па шкле, хапала людзей за рукі.

Як патлумачыла Станіслава, яна сапраўды была побач з мікрааўтобусам. Але той наехаў чалавеку на нагу, таму людзі паблізу рознымі жэстамі пачалі папярэджваць, што далей ехаць ня варта.

«Мне сказалі, што я трох апамаўцаў здолела адштурхнуць, бо яны мяне адцягвалі ад машыны. Разумееце, якая я моцная жанчына? Шэсьцьдзесят тры гады. Я хапаю мужыкоў за адзеньне. Я ж ня гэтая, за 120 эўра, якая хапала Ціханоўскага», — абураецца Станіслава.

Сваю віну ў судзе пэнсіянэрка не прызнала. Яе аштрафавалі на 540 рублёў.

«Як Лукашэнка можа называць яго народцам?»

Унучка Станіславы Ангеліна арганізавала збор грошай на аплату штрафу бабулі, бо «ўсе павінны пра яе ведаць». Як кажа жанчына, унукі прыязна пасьмейваюцца, што бабуля стала хуліганкай. Да таго ж пэнсія Станіславы складае 268 рублёў. На штраф трэба аддаць дзьве.

«Сабралі за ноч, уяўляеце? Спаць не давалі, так ляцелі грошы мне», — радасна кажа гарадзенка.

Яна мае акаўнт у Instagram і чытае ўсе словы падтрымкі, якія ёй пішуць.

«Я ня зьдзіўлена. Я ведала, што ў нас добры народ. Столькі добрых словаў людзі пішуць. Я ў захапленьні ад нашых людзей. Яны — сапраўдны народ, за які абсалютна ня сорамна. Як Лукашэнка можа называць яго народцам?» — разважае Станіслава.

Яна лічыць, што ёй далі штраф, каб запужаць. Прызнаецца, што не спужалася, а ў людзей такія суды выклікаюць адваротную хвалю — падтрымкі.

«Запужаць народ цяпер штрафамі, суткамі яны ня здолеюць. Навошта ім гэта рабіць? Не чапайце вы гэтых людзей! Хочуць яны нармальнага жыцьця, іншага. Дайце ім жыць!» — эмацыйна кажа пэнсіянэрка.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG