Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны сакратар ЗША: мы лічым Расею сур'ёзнай пагрозай


Майк Пампэо, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, выступаючы ў чацьвер, 25 чэрвеня, на арганізаваным Нямецкім фондам Маршала (GMF) онлайн «Брусэльскім форуме» паскардзіўся, што, у той час, калі ЗША разглядаюць Расею як сур'ёзную пагрозу, шэраг эўрапейскіх краін ставіцца да Масквы зь меншай насьцярожанасьцю.

Таму, на думку ЗША, Эўропа павінна павялічыць узровень уласнай адказнасьці за сваю абарону, а Вашынгтон зацікаўлены ў пераацэнцы сваіх вайсковых пазыцый.

Камэнтуючы меркаваны вывад вайсковых частак ЗША зь Нямеччыны, пра што раней заяўляў прэзыдэнт Трамп, і тое, як гэта адпавядае інтарэсам Вашынгтона, які прызнае Расею адной з галоўных пагроз для ЗША і NATO, Майк Пампэо адзначыў, што сёньня мяняецца сама характарыстыка пагроз, і ЗША хочуць перагледзець стратэгічнае пазыцыянаваньне сваіх ваенных сіл у сьвеце.

Дзяржсакратар таксама даў зразумець, што будаўніцтва з удзелам Германіі трубаправода «Паўночны паток – 2» ідзе насуперак з прынцыпамі бясьпекі Эўропы, якая таксама павінна павялічыць свае абаронныя выдаткі.

«Мы лічым Расею сур'ёзнай пагрозай», — сказаў Майк Пампэо, падкрэсьліўшы, што, калі краіны Эўропы, і ў прыватнасьці Нямеччына, трацяць на свае абаронныя выдаткі менш, чым прадугледжаныя статутам NATO 2% ад нацыянальнага ВУП, то гэта гаворыць пра тое, што Бэрлін не ўспрымае расейскую пагрозу гэтак жа сур'ёзна, як ЗША.

Будаўніцтва ж «Паўночнага патоку – 2», які павінен будзе пампаваць расейскі прыродны газ па дне Балтыйскага мора ў Нямеччыну, павялічвае залежнасьць Фэдэратыўнай рэспублікі ад Расеі, падкрэсьлівае дзяржсакратар ЗША.

Раней стала вядома аб плянах Злучаных Штатаў скараціць свой вайсковы кантынгент у Германіі на 9,5 тысячы салдатаў. Трамп ня раз крытыкаваў хаўрусьнікаў у NATO, у тым ліку Нямеччыну, за недастатковыя выдаткі на абарону.

Белы дом таксама выказваў незадаволенасьць праектам будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток – 2» з удзелам Расеі. Празь яго расейскі газ мае ісьці ў Эўропу па дне Балтыйскага мора. На прэс-канфэрэнцыі з Дудам у сераду Трамп падкрэсьліў, што на супрацу з Расеяй у энэргетыцы Бэрлін выдаткоўвае мільярды даляраў.

«Значная частка энэргіі Нямеччыны будзе цяпер зьвязаная з Расеяй настолькі глыбокім і фундамэнтальных чынам, што ва Ўладзіміра Пуціна, які, падобна, застанецца ва ўладзе на працягу досыць доўгага часу, будзе магчымасьць, рэальная магчымасьць, нанесьці істотны ўрон Нямеччыне, калі ён вырашыць гэта зрабіць», — сказаў Майк Пампэо.

Дзяржсакратар ЗША таксама падкрэсьліў, што сёньня мяняецца і сама прырода канфліктаў, і стрымліваньне патэнцыйнай агрэсіі, у тым ліку з боку Расеі, не абмяжоўваецца толькі разьмяшчэньнем пэўнай колькасьці сухапутных войскаў: «Мы прыйшлі да фундамэнтальнага перагляду таго, якой зьяўляецца прырода канфлікту, прырода пагроз і як мы павінны разьмяркоўваць нашы рэсурсы, няхай гэта будзе рэсурсы ў выведніцкай супольнасьці, у вайскова-паветраных сілах, марской пяхоце або арміі».

«І рашэньне, якое прэзыдэнт зрабіў у дачыненьні Нямеччыны, ёсьць вынікам калектыўнага набору рашэньняў аб тым, як мы будзем пазыцыянаваць нашы рэсурсы па ўсім сьвеце», — адзначыў Майк Пампэо.

Пры новым разьмеркаваньні вайсковых рэсурсаў амэрыканская прысутнасьць у шэрагу рэгіёнаў можа зьнізіцца, таму «некаторыя краіны павінны актывізавацца і ўзяць на сябе адказнасьць за сваю ўласную абарону, чаго раней яны не рабілі», — адзначыў дзяржсакратар. Перагляд пазыцый ЗША будзе адбывацца «ў поўнай кансультацыі з усімі нашымі партнэрамі па ўсім сьвеце і, вядома, з нашымі сябрамі ў Эўропе», дадаў ён.

Шырэй пра заяву Майка Пампэо ў публікацыі «Голасу Амэрыкі» >>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG