Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя турмы забараніла палітвязьню Емяльянаву ставіць смайлікі ў лістах


Мікіта Емяльянаў на судзе, архіўнае фота

Зьняволенага актывіста анархісцкага руху Мікіту Емяльянава перавялі з калёніі ў крытую турму — СТ-4 у Магілёве. Анархіст Вячаслаў Касінераў расказаў на Facebook, пра што адтуль піша зьняволены.

Да нядаўняга часу Емяльянаў быў у адзіночнай камэры, цяпер яго перавялі ў двухмесную. Емяльянаў ня скардзіцца на здароўе, падтрымлівае фізычную форму і шмат чытае, просіць аформіць падпіску на шэраг рэгулярных выданьняў. Адміністрацыя турмы ставіцца да яго «асьцярожна», але ён ужо мае вымову за «неадпаведнасьць формы адзеньня».

Шэраг лістоў не даходзіць да Емяльянава, таксама не прапускаюць і некаторыя ягоныя лісты:

«За банальныя смайлікі абмяжоўваюць магчымасьць выхаду лістоў за межы турмы, спасылаючыся на тое, што гэта могуць быць зашыфраваныя пасланьні», — расказвае Касінераў.

Таксама праз строгі рэжым Емяльянаў абмежаваны ў пасылках і перадачах, можа атрымліваць на месяц толькі адну бандэроль вагой у некалькі кіляграмаў, траціць на месяц ня больш за 27 рублёў (1 базавую велічыню).

Емяльянаў чуў заявы Івана Комара і іншых актывістаў аб галадоўках, але «ставіцца да такіх захадаў скептычна, лічыць іх крайнімі і вельмі сур’ёзнымі».

«Зыходзячы з таго, што Мікіта Емяльянаў прынцыповы ў сваім несупрацоўніцтве з карнымі структурамі, ён мае статус „злосьніка“ і ня можа разьлічваць на амністыю», — дадае Касінераў.

Емяльянаў асуджаны на 4 гады за тое, што летась кінуў «кактэйль Молатава» ў СІЗА на вуліцы Валадарскага і лямпачку з фарбай у будынак Менскага гарадзкога суду. Мікіта Емяльянаў прызнаваў, што зрабіў гэта на знак пратэсту супраць рэпрэсій адносна актывістаў анархісцкага руху.

Палітвязьню Мікіту Емяльянаву 20 гадоў. З красавіка ён адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі. Паводле маці вязьня, за адмову падпісваць згоду на перавыхаваньне і супрацоўніцтва з адміністрацыяй Мікіта Емяльянаў на 5 дзён трапіў у карцэр, потым яшчэ месяц быў у карантыне, цяпер ён у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG