Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамадзяне» паскардзіліся ідэолягу на журналіста, ідэоляг насварыўся на біскупа. Як гэта было


Апошнія падзеі ў Беларусі нагадваюць трылер, драму, кардыяграму, кантактны заапарк, дзе мы душымся за зачыненымі межамі сам-насам. Нагадваюць вандроўны цырк, які калясіць па гарадах з чатырыста восемдзесят сем разоў паказаным прадстаўленьнем з блазнам без пачуцьця гумару, які мусіць з апошніх сіл прывабліваць публіку «хоць чым». Што рабіць, калі экзатычныя зьвяры даўно разьбегліся, акрабаты сьпіліся, а свойскіх жывёл удалося надрэсіраваць толькі на сынхроннае ківаньне галовамі?

Пра драматычныя падзеі вы ведаеце безь мяне. Я хачу вам расказаць пра сьмешныя, прачыніць заслону страшнай таямніцы — што цяпер робіцца ў рэгіёнах.

Кароткая перадгісторыя першай сэрыі. Адзін журналіст мае асабістую старонку ў Facebook, якую назваў па сваім уласным жаданьні як «Згомеля Католік». Мог бы назваць і «Змагілёва мусульманін», ці «Зкрычава шахід», ці «Саслоніма агностык». Тая старонка ў Facebook трапілася на вочы гомельскім ідэолягам. Тое, што яны ўбачылі там, выклікала ў іх шок найстрашнейшы. Там была жывая трансьляцыя з гомельскага «Ланцуга салідарнасьці» ў пятніцу. Ідэолягі нэрвова схапіліся спачатку за галаву, потым — за сэрца, потым — за тэлефонны даведнік. Набралі нумар каталіцкага біскупа, каб зрабіць яму «ўнушэньне» па партыйнай і прафсаюзнай лініі.

Біскупу 75 гадоў. Ён век-векам ня быў у тых інтэрнэтах. Ён і сам жыве, і вернікаў вучыць, што трэба жыць згодна з прынцыпам «ora et labora» (маліся і працуй. — РС), а не па інтэрнэтах шастаць. І тут — ідэоляг з нэрвовым тлумачэньнем і цьмянымі пагрозамі, што недзе там у інтэрнэце нешта нехта напісаў, а вінаваты біскуп, бо ён — «вышестоящая власть», і таму «доводим до вашего сведения о недопустимости». Біскуп, калі пачуў пра інтэрнэт — схапіўся спачатку за ружанец, потым — за сэрца, потым — за тэлефон. Набраў журналіста таго, пытаецца ў такім пляне: «Што ты, злыдзень, зноў напісаў у тых сваіх інтэрнэтах, што мяне ідэолягі катуюць зранку?» Журналіст кажа, што не пісаў нічога ў інтэрнэтах. Біскуп адмаліў дзьве літаніі за душы грэшныя ў выканкамах і СМІ і набраў нумар ідэоляга. Кажа, што так і так, нічога наш журналіст у інтэрнэтах не пісаў. «Пісаў! На сёмай старонцы! На сёмай старонцы яго Facebook напісана пра палітыку!» — запярэчыў ідэоляг. Біскуп як пачуў д’ябальскае, няйнакш, слова Facebook, прачытаў дзьве таямніцы ружанца (жалобныя якраз, па аўторках імі моляцца. — Аўтар) за бедную нашу няшчасную Беларусь і яе насельнікаў, і зноў набраў нумар журналіста. Перадаў яму пра пятую калёну, прабачце, «сёмую старонку Facebook». Той пачаў сутаргава шукаць тую сёмую старонку і не знайшоў. Патэлефанаваў ідэолягу, каб спытацца — дзе тая сёмая старонка, га? Той высакамерна адказаў: «Я с вами разговаривать не буду. Я всё сказал вашему вышестоящему начальству!».

Біскуп зноў набраў нумар ідэоляга. Той адказаў, што паступіла скарга ад нейкіх грамадзян, што на старонцы ў Facebook аднаго журналіста, які католік, разьмешчана інфармацыя, якая «супярэчыць дзейнасьці рыма-каталіцкай царквы». Біскуп слухаў ідэоляга і глядзеў на абраз сьвятога Дамініка. Запытаўся ў яго на гішпанскай мове, на ўсялякі выпадак, каб не зразумеў ідэоляг: «Que pasa?». Той маўчаў. Толькі ідэоляг працягваў сваю гарачую прамову пра «недопустимость», «возмущенных граждан» і яшчэ нешта незразумелае пра дʼябальскі той Facebook.

Біскуп узгадаў, як у маладосьці таемна наведваў касьцёл, як яму забаранілі ўлады паступаць у сэмінарыю, як загрэблі ў савецкае войска, як за ім сачылі, пагражалі, шантажавалі, забаранялі, папярэджвалі... А цяпер яшчэ і нейкія Facebookʼi выдумалі. Страх, куды коціцца гэты сьвет. Ora et labora — нагадаў сабе біскуп. Ora et labora! — строга загадаў ён журналісту. Ідэолягам проста пажадаў здароўя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG