Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты Азэрбайджану і Туркмэністану і прэм’ер Армэніі адмовіліся ад удзелу ў парадзе ў Маскве


Рэпэтыцыя параду ў Маскве

Кіраўнікі Туркмэністану і Азэрбайджану і прэмʼер-міністар Армэніі адмовіліся ад прыезду на парад у Маскву. У двух выпадках з трох гэта патлумачылі каранавірусам, у трэцім — карантыннымі мерамі з гэтай прычыны

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў патлумачыў адмову ад паездкі тым, што 29 чэрвеня яму споўніцца 63 гады. У Туркмэністане гэта лічыцца дасягненьнем узросту прарока Мухамэда — важнай падзеяй, якую адзначаюць у коле родных і сваякоў. Але пасьля паездкі яму давялося б выконваць карантын пасьля вяртаньня з Масквы. Туркмэнская служба Радыё Свабода адзначае, што Бэрдымухамэдаў і яго ўрадоўцы да гэтага часу ігнаравалі меры засьцярогі, зьвязаныя з COVID-19.

Прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ў пятніцу адмовіўся ад паездкі, спаслаўшыся на цяжкую сытуацыю з каранавірусам у краіне, — перадае армянская служба Радыё Свабода. «Існая эпідэмічныя сытуацыя не дазваляе мне ажыцьцявіць гэты візыт», — цытуе рэдакцыя яго ліст Уладзіміру Пуціну. За дзень да гэтага ад паездкі адмовіўся прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, які раней пацьвярджаў удзел у парадзе.

Раней ад паездкі адмовіўся гэтак жа прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман, спаслаўшыся на цяжкую эпідэмічную сытуацыю ўжо ў Расеі.

Парад Перамогі заплянаваны ў Маскве на 24 чэрвеня. 11 чэрвеня кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заяўляў, што гатоўнасьць прыехаць на яго выказалі кіраўнікі 12 дзяржаў, у асноўным з краін СНД.

Сярод іх — і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. 19 чэрвеня падчас тэлефоннай гутаркі з Пуціным Лукашэнка пацьвердзіў, што будзе на парадзе ў Маскве і што прыедзе разам з сынамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG