Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы ня могуць падлічыць дакладнай колькасьці затрыманых 19 чэрвеня


Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў Свабодзе, што ў Менску маглі затрымаць як мінімум 100 чалавек.

На гэты момант праваабаронцы «Вясны» ня ведаюць дакладнай колькасьці затрыманых 19 чэрвеня па ўсёй Беларусі на акцыях салідарнасьці. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў Свабодзе, што ў Менску маглі затрымаць як мінімум 100 чалавек.

«На сёньня вядомыя прозьвішчы 80 затрыманых у Менску. Думаю, рэальна маглі б быць каля 100 чалавек як мінімум. З рэгіёнаў няшмат інфармацыі. У Бабруйску вядомыя 8 прозьвішчаў», — сказаў праваабаронца.

Сярод затрыманых у Бабруйску — сябра «Вясны» Сяржук Лацінскі, які ажыцьцяўляў назіраньне за акцыяй. Яго лёс пакуль невядомы.


Паводле Стэфановіча, раніцай 20 чэрвеня з Маскоўскага РУУС вызвалілі 17 чалавек, на іх склалі пратаколы паводле артыкула 23.34 КоАП — парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.


«Калі некаторых людзей не вызвалілі дагэтуль, значыць, іх этапавалі ў ЦІП, а магчыма і ў ІЧУ. У панядзелак будзем адсочваць інфармацыю ў судах. Вядома, што з Цэнтральнага РУУС каля 10 чалавек уначы этапавалі на Акрэсьціна. Лёсу іншых людзей мы ня ведаем».


Валянцін Стэфановіч дадае, што праваабаронцам вядомыя зьвесткі пра жорсткія затрыманьні на ўчорашніх акцыях.

«Ёсьць зьвесткі пра людзей, якіх пры затрыманьні зьбівалі, то бо супрацоўнікі міліцыі ўжывалі фізычную сілу. У рэгіёнах таксама ёсьць выпадкі ўжыцьця фізычнай сілы. У Маладэчне вядомы факт сутычкі зь міліцыяй, у Берасьці».

Агулам, кажа Стэфановіч, такая рэакцыя ўладаў была прадказальнай.

«Можна было прадбачыць, што ўлады не дапусьцяць такіх выхадаў грамадзянаў на вуліцы. Ім трэба было тэрмінова сілавымі захадамі спыняць гэта. Яны выдатна разумеюць: калі не прымаць нейкіх захадаў, то гэта можа набыць эфэкт сьнежнага кому, калі будзе выходзіць усё больш людзей, яны перастануць баяцца. Задача ўладаў — паказаць, што так нельга. Мы бачым, што рэпрэсіі ў краіне пачаліся фактычна адразу з моманту абвяшчэньня выбараў. Уся выбарчая кампанія праходзіць на фоне запалохваньня грамадзтва. Думаю, што ўсе сілавыя структуры будуць моцна змабілізаваныя менавіта на 9 жніўня і пасьля ў прадчуваньні масавых акцыяў пратэсту, якія могуць адбыцца».

Праваабаронцы, дадае Стэфановіч, намагаюцца максымальна зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на падзеі ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG