Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэймі Флай абвясьціў пра сыход з пасады прэзыдэнта карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода


Джэймі Флай

Джэймі Флай, прэзыдэнт і генэральны дырэктар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL), абвясьціў, што звольнены рашэньнем новага кіраўніка агенцтва, якое наглядае за амэрыканскім замежным вяшчаньнем.

У паведамленьні для калектыву Джэймі Флай піша, што аб яго звальненьні абвясьціў Майкл Пак, новы генэральны дырэктар Агенцтва ЗША ў справах глябальных мэдыя (USAGM).

«Зь вялікім сумам я пакідаю ўсіх вас на RFE/RL. Узначальваць гэтую арганізацыю цягам мінулага году было гонарам майго жыцьця», — сказаў ён.

Джэймі Флай, які ў жніўні 2019 году далучыўся да Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL), таксама заявіў, што спадзяваўся папрацаваць у арганізацыі значна даўжэй, каб надалей забясьпечыць яе доўгатэрміновую місію і эфэктыўнасьць. Флай паведаміў, што выканаўцай абавязкаў прэзыдэнта карпарацыі стала віцэ-прэзыдэнт і галоўны рэдактар RFE/RL Дэйзі Сындэлар.

Агенцтва Associated Press паведамляе, што Пак таксама звольніў кіраўнікоў трох іншых замежных вяшчальнікаў ЗША — Радыё Свабодная Азія, Бюро Блізкага Ўсходу, а таксама Кубы. Таксама звольнены старшыня фонду «Адкрытыя тэхналёгіі», нагляд над якім ажыцьцяўляе USAGM.

Звальненьні адбыліся неўзабаве пасьля таго, як дырэктарка «Голасу Амэрыкі» Аманда Бэнэт і яе намесьніца Сэндзі Сугавара абвясьцілі пра адстаўку.

Пак, якога два тыдні таму зацьвердзілі дырэктарам USAGM, таксама замяніў усіх цяперашніх чальцоў радаў дырэктараў RFE/RL, Радыё Свабодная Азія і сеткі перадаваньня на Блізкі Ўсход і прызначыў сябе старшынём.

Associated Press таксама паведамляе, што ён прывёў сваю каманду мэнэджэраў у USAGM. Раней у электронным лісьце супрацоўнікам USAGM Пак заявіў, што імкнецца забясьпечыць незалежнасьць замежных вяшчальнікаў ЗША, якія маюць задачаю падаваць аб’ектыўныя навіны і інфармацыю аўдыторыям усяго сьвету.

Місія USAGM прадугледжвае абарону рэдакцыйнай незалежнасьці прыватнай мэдыя-арганізацыі RFE/RL. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода працуе на 27 мовах, ахоплівае аўдыторыю ў 37,6 мільёна чалавек кожны тыдзень у 23 краінах, уключаючы Беларусь, Украіну, Расею, Іран і Аўганістан. Статыстыка паказвае, што за апошнія месяцы, асабліва ва ўмовах пандэміі каранавірусу, аўдыторыя RFE/RL значна вырасла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG