Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кухары пыталіся, што са мной». Як служыць у войску салдат-вэган


Ілюстрацыйнае фота. Беларускае войска
Ілюстрацыйнае фота. Беларускае войска

Ня ўсе маладыя хлопцы жадаюць служыць у беларускім войску, але гамяльчанін Дзяніс Рудзянок ня супраць службы. Летась ён скончыў Унівэрсытэт фізкультуры, паступіў у магістратуру, аднак хутка забраў дакумэнты і вясной 2020 году атрымаў позву ў войска. Гэтая гісторыя была б самай звычайнай, калі б не адзін факт: Дзяніс — вэган.

Хлопец расказаў Свабодзе, як служыцца ў войску, калі не ясі прадуктаў жывёльнага паходжаньня.

«Афіцэры разумеюць мяне, але кажуць, што будзе цяжкавата»

Дзяніс не ўжывае ў ежу ані мяса, ані рыбы. А таксама малака, мёду і яек. Такія людзі называюцца вэганы.

Дзяніс Рудзянок, архіўнае фота
Дзяніс Рудзянок, архіўнае фота

Пасьля ўнівэрсытэту Дзяніс ведаў, што яго чакае войска, бо здароўе дазваляе служыць. Тры месяцы ён адвучыўся ў магістратуры, але забраў дакумэнты, бо вучоба не спадабалася. Так трапіў на вясеньні прызыў. Падчас праходжаньня мэдычных камісій хлопец напісаў зварот у ваенкамат з пытаньнямі пра харчаваньне: ці забясьпечыць яго войска дастатковым наборам прадуктаў?

Зь юрыдычнай падтрымкай Дзянісу дапамагае юрыстка цэнтру Human Constanta Эніра Браніцкая. Адказ з вайсковага камісарыяту Гомля Дзянісу прыйшоў, калі да войска заставаліся лічаныя дні. Свабода мае яго тэкст. У адказе напісана, што рацыён харчаваньня ў войску ўключае прадукты, якія Дзяніс можа ўжываць згодна са сваім перакананьнем — быць вэганам.

«... [рацыён — РС.] зьяўляецца збалянсаваным і ўтрымлівае бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны, мікра- і макраэлемэнты, неабходныя падчас праходжаньня вайсковай службы», — напісана ў лісьце.

12 траўня Дзяніс пайшоў служыць. Цяпер ён праходзіць курс маладога байца ў Мар’інай горцы, а пасьля паедзе ў Берасьце. Яго прызвалі ў дэсант.

У частцы, кажа Дзяніс, ніхто ня ведаў, што ён мае асаблівасьці ў харчаваньні. Хлопец мусіў тлумачыць, чаму ў сталоўцы ён адмаўляецца ад мяса, сыра, масла, ня есьць супоў.

«Некаторыя таварышы па службе не разумелі ўвогуле, як можна ня есьці мяса. Такая тыповая рэакцыя простага чалавека. Тут шмат хлопцаў зь вёсак, якія не ўяўляюць свайго жыцьця бязь мяса і сала. Я проста тлумачыў, чаму гэта маё перакананьне. Калі прасіў ня класьці мне мяса, кухары дзівіліся і пыталіся, што са мной. Афіцэры з маёй роты рэагавалі нармальна, у іх ёсьць знаёмыя вэгетарыянцы і вэганы. Яны разумеюць мяне, але кажуць, што будзе цяжкавата, асабліва на палігоне».

З 28 траўня Дзяніс пачаў весьці дзёньнік харчаваньня. У той дзень рацыён хлопца быў такі: на сьняданак грэчка з хлебам, булка і сок, на абед — макарона, салата з морквы, кісель і хлеб.

«Калі хтосьці ня еў салаты, то аддаваў мне. Салатаў з гуркоў, памідораў, напрыклад, у нас яшчэ не было. На вячэру давалі пярлоўку, хлеб, булку і гарбату. Акрамя гэтага, на булку кладуць сыр з маслам, але гэта я аддаваў таварышам па службе. Да гарніру даюць мяса, але я ня браў. На абед яшчэ ёсьць першая страва кшталту капуста, боршч, але яны звычайна адразу зьмешваюцца са сьмятанай. Я іх ня еў таксама. Аднойчы еў толькі суп з гародніны».

Дзяніс дадае, што ў частцы ежы яму хапала, порцыі былі вялікія: «Я наядаўся па колькасьці, але не па якасьці, таму што дзень пры дні адно і тое ж, бялковых прадуктаў ня так шмат».

«Зьеў кашу з маслам, і пачало ванітаваць»

29 траўня салдаты пераехалі жыць у палаткі на палігон, бо ў частцы выявілі каранавірус: «Палігон знаходзіцца побач з часткай, нас тут каля 300 чалавек». Там, кажа Дзяніс, кухня зьмянілася.

«Тут у кашы адразу пачалі кідаць сьметанковае масла. Я гэтага ня ведаў. У адзін зь першых дзён паеў прасяную кашу. Празь некаторы час мне зрабілася вельмі дрэнна, ледзь не ванітавала. Калі еў гэтую кашу, то адчуваў нейкі тлушч, але не разумеў, што такое. Ужо пасьля да мяне дайшло».

Дзяніс да войска
Дзяніс да войска

Па словах Дзяніса, іншай магчымасьці даваць ежу на палігоне няма, а норму салдаты атрымліваць павінны. Паводле салдата, ежу гатуюць у частцы, а потым прывозяць на палігон. Таму масла мяшаюць з кашай адразу: «Мой арганізм ня быў падрыхтаваны да гэтага прадукту», — кажа хлопец.

Цяпер Дзяніс ня есьць і гарніраў і харчуецца толькі салатамі, хлебам, булкамі і напоямі.

«Першыя некалькі дзён, як зьеў тую кашу, есьці не хацелася ўвогуле. На сьняданак я ем толькі хлеб, булку і п’ю сок. У прынцыпе, са мной усё нармальна, але цяпер стала цяжэй, адчуваю стомленасьць і млявасьць. Узьніклі праблемы са стулам. Магчыма, гэта проста праз адаптацыю арганізму».

«Камандзір роты набыў садавіны і мюсьлі за свае грошы»

Цягам усёй пакуль нядоўгай службы Дзяніс спрабаваў вырашыць пытаньне зь ежай. Адзінае, што яму дазволілі, — набываць у буфэце ўсё што хоча і захоўваць гэтыя прадукты.

«Але набываць там амаль няма чаго. Садавіны няма, пару разоў набываў халву. І зноў жа, калі набываеш там, то за свае грошы. Я спрабаваў патлумачыць гэта афіцэрам, што я тут не зарабляю грошай, атрымліваю рублёў 30 на месяц. Набываць нешта магчыма, калі хтосьці з блізкіх будзе пералічваць грошы. Бацькі ў мяне ў разводзе, маці жыве ў Маскве. Дома толькі бабуля».

Тым ня менш, Дзяніс кажа, яму могуць адправіць і перадачу, і грошы, але ён не прасіў, бо лічыць, што ў войску яго павінна забясьпечваць дзяржава.

«Чым больш людзей будуць набываць мне прадукты, перадаваць перадачы, тым менш рэакцыі будзе ад начальнікаў, якія знаходзяцца вышэй. Гэта ня выхад, бо сыстэма ніякіх дзеяньняў не прадпрымае, я проста сваімі сіламі выкараскваюся з гэтай сытуацыі. Я хачу, каб дзяржава была на маім баку, а ня я падстройваўся пад яе сыстэму».

Дзяніс кажа, што аднойчы паразмаўляў пра ўсё гэта з камандзірам роты.

«Пасьля размовы ён набыў мне садавіны і мюсьлі за свае грошы, браць у мяне не хацеў. Гэта было вельмі прыемна, але няёмка перад гэтым чалавекам», — кажа Рудзянок.

Хлопец падкрэсьлівае, што ня супраць служыць далей, але кажа, што будзе цяжка, калі пытаньне з нармальным харчаваньнем ня вырашыцца.

«Цяпер у першую чаргу для мяне важнае маё здароўе. Я разумею, што калі нічога ня зьменіцца, то наўрад ці атрымаецца нармальная служба. Мне камандзір брыгады задаваў пытаньне, хачу я служыць ці не. Я сказаў, што ня супраць службы, але калі гэтая служба ўшчамляе мае правы і вы ня хочаце нічога зьмяняць, а я буду праз гэта траціць сваё здароўе, то я не прыхільнік такой службы».

Падчас нашай размовы хлопец ляжаў у мэдроце: «Мяне вырашылі пакласьці, каб паглядзець, што з маім страўнікам пасьля месяца тут і такога харчаваньня». Пакуль невядома, ці выявілі мэдыкі праблемы са здароўем, бо зьвязацца зь Дзянісам да выходных немагчыма.

«Раз чалавек можа харчавацца бязь мяса, навошта наогул забойствы жывёлаў?»

Дзяніс Рудзянок стаў вэганам тры гады таму. Кажа, што разам зь сябрам вырашыў проста паспрабаваць і паглядзець, як на жыцьцё спачатку толькі бязь мяса адрэагуе арганізм. Дадае, што доўга займаецца спортам, таму цікава было і тое, як зьмены адаб’юцца на спартовых выніках. Пераход, кажа, даўся проста, бо якраз быў пачатак лета — пара садавіны і гародніны. Хутка хлопец перайшоў на вэганства.

Дзяніс (зьлева) зь сябрам
Дзяніс (зьлева) зь сябрам

«Мы пачалі разьбірацца, як малочныя прадукты, прадукты жывёльнага паходжаньня ўплываюць на здароўе. Празь месяц я адчуў лёгкасьць, таму што арганізму ня трэба было пераварваць цяжкія прадукты. Перастаўшы есьці мяса, я пачаў думаць пра вэганства. Даведаўся пра людзей, якія не ядуць мяса з этычных прычын, чытаў кнігі на гэтую тэму. І прыйшоў да высновы, што раз чалавек у прынцыпе можа харчавацца бязь мяса, то навошта наогул патрэбныя забойствы жывёлаў? Гэта на мяне паўплывала. На спорце і фізычных паказчыках гэта адбілася даволі нядрэнна, палепшыўся ўзровень выносьлівасьці».

Спачатку хлопец схуднеў, бо еў толькі лёгкую ежу кшталту гародніны. Аргумэнтуе гэта тым, што летам есьці ўвогуле не хацелася. Затым паступова пачаў уводзіць у рацыён бялковыя прадукты кшталту сачавіцы, нуту ды іншых бабовых. Пасьля гэтага вага вярнулася да нормы.

«На сьняданак піў ваду і еў нейкую садавіну. Напрыклад, два бананы. У абед еў кашу з гароднінай, смажыў соевае мяса. На вячэру мог есьці тое, што ў абед, і нейкую салату. Але, вядома, кожны дзень стравы былі розныя», — кажа Дзяніс пра свой звычайны рацыён.

«Пытаньне аб увядзеньні асобнага пайка немэтазгоднае для разгляду»

Калі Дзяніс толькі пайшоў у войска, праваабаронца Эніра Браніцкая зьвярнулася з пытаньнем пра харчаваньне для Дзяніса ў Мінабароны.

«Мы пыталіся, ці будуць яму даваць асобна прыгатаваную ежу, якую ён можа есьці, ці ня будзе пагоршанае яго здароўе, ці можна ўвесьці яшчэ адзін паёк для вэганаў. У адказ прыйшоў ліст, у якім расьпісана, як усё цудоўна ў войску з харчаваньнем».

Адказ намесьніка міністра абароны па тыле Андрэя Бурдыкі часткова дублюе тое, што адказалі ў ваенкамаце. Ён піша, што адмова Дзяніса ад ужываньня пэўных прадуктаў можа нэгатыўна паўплываць на яго здароўе. Але гэта «зьяўляецца яго асабістай справай, гэтак жа сама, як і выкананьне ім сваіх уласных прынцыпаў і перакананьняў, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь».

«З прычыны спэцыфікі праходжаньня вайскоўцамі вайсковай службы ва Ўзброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, улічваючы абʼёмы фізычных нагрузак, пытаньне ўвядзеньня асобнага віду пайка для асоб, якія не ўжываюць у ежу прадукты жывёльнага паходжаньня, у цяперашні час немэтазгоднае для разгляду».

Адказ Мінабароны Эніра Браніцкая зьбіраецца абскарджваць, а таксама плянуе запусьціць пэтыцыю з патрабаваньнем уключыць у вайсковае харчаваньне прадукты для вэганаў і вэгетарыянцаў.

«У войска ёсьць абавязак захоўваць здароўе, жыцьцё салдатаў. Яны не ствараюць умоваў для таго, каб Дзяніс далей мог прытрымлівацца сваіх меркаваньняў і не пагаршаць сваё здароўе. Лекары ў войску кажуць, што з пункту гледжаньня звычайнай мэдыцыны яму нічым дапамагчы ня могуць, што трэба размаўляць з псыхіятрам, — тлумачыць Браніцкая. — Тое, што адбываецца, гэта яшчэ і дыскрымінацыя, але ў Беларусі зь ёю цяжка, бо няма яе вызначэньня.

Гэта можна назваць і катаваньнем, бо дзяржава ставіць яго ў такія ўмовы, пры якіх ён пакутуе. Я нават уяўляю, што празь некаторы час яго камісуюць, скажуць, што хворы. Але пытаньне ў тым, наколькі пагоршыцца яго здароўе за гэты час. Дый што зь іншымі, якія таксама могуць апынуцца ў такой сытуацыі?»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG