Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праз блякаваньне рахункаў «Кентаўра» і «Кампары» цярпяць людзі і цэлыя кампаніі


Людзі ў камізэльках з надпісам «Фінансавая міліцыя» падчас ператрусу ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку», 11 чэрвеня 2020 году

15 тысяч кліентаў мае страхавая кампанія «Кентаўр», куды прыйшлі зь ператрусам адначасова зь «Белгазпрамбанкам». Рахункі заблякаваныя, іх немагчыма абслугоўваць.

11 чэрвеня супрацоўнікі ДФР Камітэту дзяржаўнага кантролю прыйшлі зь ператрусамі ў «Белгазпрамбанк» і кампаніі «Прыватлізінг», «Кентаўр» і «Кампары». Рахункі апошніх заблякавалі, ад чаго цярпяць кліенты.

У кампаніі «Кентаўр» сёньня каля 15 тысяч кліентаў, у тым ліку з мэдычнымі страхоўкамі. Адразу ўзьнікла праблема: людзі не маглі атрымаць па страхоўцы мэдычную дапамогу. У фірмы Аляксандра, якая зьяўляецца кліентам «Кентаўра», праблемы мелі нават некалькі хворых на каранавірус, якія былі дома на самаізаляцыі.

Але праблему ўдалося вырашыць.

«Яны малайцы, бо нейкім чынам усё ж здолелі дамовіцца з мэдычнымі цэнтрамі, і на гэты момант мэдычную дапамогу людзі могуць атрымаць. У іх таксама ёсьць плян Б: людзі змогуць за свае грошы атрымліваць дапамогу і пасьля іх вернуць», — кажа Аляксандар.

«Мы паскардзіліся ў Генэральную пракуратуру»

Як паведаміў Свабодзе генэральны дырэктар кампаніі «Кентаўр» Сяргей Прохарчык, праз 6 дзён пасьля ператрусу так і не вядома, якія прэтэнзіі маюць да кампаніі сілавікі. «Нічога нам не прад’яўлена, сёньня я спрабую трапіць да сьледчага. Спадзяюся, сёньня гэта ўдасца. Мяне самога нікуды не выклікалі. Падчас ператрусу забралі ноўтбук і спампавалі базу бухгальтэрыі, нікога не дапытвалі», — апавядае Аляксандар.

Пакуль сьледчых дзеяньняў няма, але цярпяць кліенты кампаніі.

«З мэдычнымі страхоўкамі ў нас сотні людзей. Ёсьць праблема з страхаваньнем транспарту, бо частка аўтадылераў прымае нашы гарантыйныя лісты, але частка патрабуе наяўных і ня хоча рызыкаваць. Пакутуюць сотні людзей, наш працоўны калектыў, бо няясна, як заробак плаціць. У нас у кампаніі 15 тысяч кліентаў — гэта фізычныя і юрыдычныя асобы, якія могуць пацярпець», — кажа Аляксандар.

«Наша месца зоймуць іншаземцы»

Кампанія «Кампары», якая выпускае сродкі гігіены, сёньня таксама ня можа разьлічвацца за сыравіну і ў поўнай меры працягваць вытворчасьць. Рахункі кампаніі таксама заблякаваныя.

У размове з Свабодай генэральны дырэктар Анатоль Булава паведаміў, што такія праблемы найперш могуць адбіцца на супрацоўніках кампаніі, а гэта 155 чалавек.

«Адказаў на нашыя запыты няма, мы рыхтуем яшчэ запыты. У нас процьма пратэрмінаваных аплатаў, трэба аплочваць рахункі за электрычнасьць, мы намагаемся не спыняцца. Але могуць спыніць пастаўляць сыравіну, няма паліва людзей у камандзіроўку адпраўляць. Мы робім сацыяльна значныя тавары, апроч нас, пастаўнікоў хапае. Калі мы ня будзем як айчынны вытворца на беларускім рынку, наша месца зоймуць кампаніі з Расеі ці яшчэ аднекуль», — кажа Анатоль Булава.

Абвінавачваньняў ані дырэктару, ані супрацоўнікам кампаніі праз 6 дзён пасьля ператрусу ня выставілі.

11 траўня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаніяў прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі аб завядзеньні крымінальных справаў паводле артыкула 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і артыкула 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG