Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЗ папярэджвае пра «аднаўленьне» максымальнай небясьпекі COVID-19


Старшыня Сусьветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус, архіўнае фота

Старшыня Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Тэдрас Аданом Гебрэесус папярэдзіў, што краіны сьвету «павінны быць у курсе магчымасьці аднаўленьня» найбольшай небясьпекі заражэньня каранавірусам, піша «Голас Амэрыкі».

Гэта адбываецца, бо Эўропа працягвае адкрываць свае межы, а Кітай зазнаў новы ўсплёск хваробы, які прывёў да сурʼёзнага карантыну ў частцы Пэкіну.

Паводле апошніх зьвестак унівэрсытэту Джонза Гопкінза, агульны лік заражаных у сьвеце перасягнуў 8 мільёнаў, памерлі больш за 436 тысяч чалавек. Кіраўнік САЗ зазначыў, што спатрэбілася каля двух месяцаў для дасягненьня цяперашняй хуткасьці пашырэньня вірусу, гэта прыблізна 100 тысяч выпадкаў у дзень, і тэмпы пашырэньня ў Азіі і Амэрыцы паскараюцца.

16 чэрвеня Кітай узмацніў карантын у частцы Пэкіну — пасля таго, як сталіца Кітая пражыла больш за 50 дзён безь ніводнага новага выпадку заражэньня. 29 жылых комплексаў у Пэкіне перавялі пад «закрытае кіраваньне», усе пункты пропуску ахоўваюць, пад суворым кантролем тыя, хто выяжджае і заяжджае.

У ЗША каля 20 штатаў, якія пачалі аднаўляць эканамічную актыўнасьць апошнімі тыднямі, фіксуюць рэкордную колькасьць новых пацьверджаных выпадкаў захворваньня. Гэта часткова зьвязана з ростам колькасьці аналізаў, але таксама, кажуць мэдычныя экспэрты, сьведчыць аб аднаўленьні небясьпекі.

Выпадкаў інфікаваньня ў ЗША каля 2,1 мільёна, памерлі больш за 116 тысяч чалавек. Паводле абноўленага прагнозу, зь якога зыходзіць урад, да пачатку кастрычніка ў краіне можа быць зафіксавана больш за 200 000 сьмерцяў ад COVID-19.

Бразілія — другая паводле колькасьці захворваньняў краіна ў сьвеце (больш за 888 тысяч выпадкаў), памерлі каля 44 тысяч чалавек.

Крытычнасьць сытуацыі нарастае і ў многіх іншых краінах сьвету, такіх як Індыя, Эгіпет, Пакістан.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG