Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у Эўропе: Нямеччына адкрыла межы, Парыж у бясьпецы


Ілюстрацыйнае фота

Ад панядзелка, 15 чэрвеня Нямеччына спыніла кантроль на сваіх межах, які ўводзіла праз пандэмію каранавірусу, расказвае Deutsche Welle. Уся кантынэнтальная Францыя цяпер адкрытая — у тым ліку Парыж, перадае Euronews.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Нямеччына

Кантроль на межах Нямеччыны, абумоўлены пашырэньнем COVID-19, дзейнічаў зь сярэдзіны сакавіка і спыніў дзеяньне ў ноч на панядзелак, 15 чэрвеня. За гэты час паліцыя Нямеччыны не ўпусьціла ў краіну амаль 200 000 чалавек, заявіў напярэдадні міністар унутраных справаў.

Акрамя таго, Міністэрства замежных справаў Нямеччыны ад 15 чэрвеня здымае ўведзеныя ў сувязі з пандэміяй настойлівыя рэкамэндацыі адмовіцца ад паездак за мяжу адносна 26 дзяржаваў Эўразьвязу і яшчэ чатырох краінаў Шэнгенскай зоны (Ісьляндыі, Нарвэгіі, Швайцарыі і Ліхтэнштайну), а таксама Вялікай Брытаніі. Яшчэ для больш як 160 дзяржаваў такая рэкамэндацыя актуальная да канца жніўня.

Ад пачатку пандэміі ў Нямеччыне выявілі амаль 187,7 тысячы выпадкаў COVID-19 (9-е месца ў сьвеце), ад каранавірусу зафіксавалі сьмерць 8870 чалавек (10-е месца). Але ўжо выпісалі здаровымі пасьля COVID-19 172,2 тысячы пацыентаў, «актыўных выпадкаў» застаецца 6,6 тысячы, прырост новых выпадкаў за ўчора — 248.

Францыя

У панядзелак адкрываюцца і межы Францыі з суседнімі дзяржавамі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз. Зь іншымі краінамі, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, але здолелі ўзяць эпідэмію пад кантроль, мяжы плянуюць адкрыць ад 1 ліпеня. Аднак падарожнікі з Гішпаніі і Вялікай Брытаніі мусяць самаізалявацца на 14 дзён.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон вітаў «першую перамогу над вірусам» і паабяцаў вывучыць урокі эканамічнага і санітарнага крызісаў. У 20-хвілінным тэлезвароце да нацыі з Элізэйскага палацу Макрон абвясьціў, што ўся тэрыторыя кантынэнтальнай Францыі адгэтуль у «зялёнай зоне». Раней былі адкрытыя ўсе рэгіёны, акрамя сталічнага. Цяпер адкрываецца і Парыж.

Дзяржаўная рада Францыі зьняла ў тым ліку забарону на масавыя акцыі, уведзеную праз пандэмію каранавірусу. Але пакуль дазваляюць акцыі з удзелам ня больш як 5000 чалавек і толькі з папярэдняга дазволу паліцыі (тая можа забараніць акцыю, калі арганізатары ня змогуць забясьпечыць захады засьцярогі).

Ад пачатку пандэміі ў Францыі выявілі 157,2 тысячы выпадкаў COVID-19 (13-е месца ў сьвеце), ад каранавірусу зафіксавалі сьмерць 29 407 чалавек (5 месца). Але выпісалі здаровымі 72,8 тысячы пацыентаў, «актыўных выпадкаў» застаецца 55 тысяч, прырост новых выпадкаў за ўчора — 407.

Расея

Найвялікшы прырост выпадкаў COVID-19 з краінаў, якія адносяць да эўрапейскага рэгіёну, цяпер назіраецца ў Расеі: + 8835 выпадкаў за ўчора, агулам 528 964 выпадкаў (3-е месца ў сьвеце), 6948 памерлых (13-е месца), «актыўных выпадкаў» застаецца 242 тысячы.

Віцэ-губэрнатар Санкт-Пецярбургу (горад на трэцім месцы ў Расеі паводле выяўленых выпадкаў каранавірусу) заявіў, што ў горадзе часьцяком бракуе шпітальных ложкаў для пацыентаў, хворых на COVID-19. Ён прызнаў, што сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй «застаецца складанай, пандэмія яшчэ не пайшла да канца на спад».

«Роспотребнадзор» тым часам абавязаў расейскія гатэлі даваць справаздачу пра засяленьне нежанатых параў у адзін нумар. З чэрвеня ў Расеі дзейнічаюць рэкамэндацыі ведамства для аднаўленьня працы гатэляў. У іх сказана, што гатэлі павінны разьмяшчаць гасьцей «пераважна аднамесна або сямейна». Калі ў выніку ў адным нумары апынуцца пары ня ў шлюбе, гатэлю давядзецца даваць тлумачэньні.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG