Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На прэзыдэнта ж увесь сьвет глядзіць і мяркуе па ім, што і мы такія ўсе тут „беспредельщики“»


У Беларусі сёньня працягваўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі>>

У Менску на плошчы перад Камароўскім рынкам сумесны пікет зладзілі правацэнтрысцкія прэтэндэнты — на знак салідарнасьці з затрыманымі актывістамі і сябрамі ініцыятыўных груп альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

У пікеце ўдзельнічалі старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, выканаўца абавязкаў кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў і сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Вольга Кавалькова.

Акрамя таго, на плошчы перад рынкам былі арганізаваныя пікеты па зборы подпісаў за вылучэньне Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Сяргея Черачня і Андрэя Дзьмітрыева.

Ініцыятыўная група патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай зьбіраць подпісы ў Менску больш ня будзе: 11 чэрвеня Ціханоўская абвясьціла аб прыпыненьні збору подпісаў на пікетах у Менску і абласных цэнтрах да канца тыдня. Прычынай стала небясьпека правакацый.

Радыё Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю з плошчы ля Камароўскага рынку, нашы карэспандэнты гутарылі зь людзьмі, якія падыходзілі падпісацца за некага з прэтэндэнтаў альбо проста хацелі падзяліцца сваім меркаваньнем.

«Прэзыдэнт казаў: калі яго ня выберуць — ён сыдзе. А аказваецца, ён і не зьбіраецца сыходзіць?»

Жанчыны з чаргі да пікету: Мы прыйшлі падпісацца за Мікалая Казлова, бо хочам пераменаў. Скажыце Лукашэнку, што ніхто ня хоча Майданаў, мы хочам пераменаў, сумленных выбараў. Можна неяк да яго дагрукацца альбо не? За астатніх мы ўжо подпісы паставілі, а за Лукашэнку я асабіста не галасавала ніколі, акрамя 1994 году. А цяпер, калі ён сказаў, што пойдзе мяне расстрэльваць — я з канапы ўзьнялася. У 1994 ён абяцаў — ён жа з народу, людзі яму паверылі — што будуць нейкія перамены, і што атрымалася? Усё разваліў. Вы карову тую знакамітую бачылі? Лукашэнка, маўляў, убачыў і абалдзеў — дык у нас уся Беларусь у такіх каровах!

Дзьве жанчыны сярэдняга веку: У 1994 мы былі такія акрыленыя, чакалі нечага добрага. Была вера нейкая. А цяпер у нас ні веры, ні надзеі. Мы ня верым у сумленныя выбары — вось што страшна. У 1994 Лукашэнка быў надзеяй на перамены ў краіне. 26 гадоў мы ўсё чакаем, а гэтых пераменаў не адбываецца. Чыстыя гарады — гэты не ягоная заслуга, а заслуга нашых жыхароў. Беларусы ахайныя і законапаслухмяныя, ніхто тут Майданаў ладзіць ня будзе. Раней прэзыдэнт казаў: калі яго ня выберуць — ён сыдзе. А аказваецца, ён і не зьбіраецца сыходзіць? У нас зьявіліся кандыдаты, якім мы паверылі і за якіх будзем галасаваць. А прэзыдэнту трэба зрабіць выснову і мірна сысьці, калі ён любіць сваю краіну.

«Вы мой прэзыдэнт, але да вас немагчыма дагрукацца!»

Жанчына, якая сказала, што галасуе за Лукашэнку, прачытала свой зварот да яго — гэта, паводле яе словаў, ужо восьмы зварот у адміністрацыю прэзыдэнта.

«Вы мой прэзыдэнт, але з вамі цяжка зьвязацца, да вас немагчыма дагрукацца, наўпроставай ліні зносінаў са мной у вас няма. Можа, цяпер вы мяне пачуеце? Я заўсёды галасавала толькі за вас. Я прыватны прадпрымальнік, я абслугоўвала вашы буфэты на просьбу Першамайскага райвыканкаму на ўсіх выбарах, рабіла таньней цэны. Наша краіна квітнее з вашай падтрымкай! Я жадаю каб вы кіравалі нашай краінай, пакуль у вас будуць сілы! Я вас вельмі люблю і захапляюся!

Дапамажыце ў аднаўленьні мяне на месцы працы альбо паспрыяйце, каб мне далі кропку, такую, як у мяне ўжо была да 2008 у Першамайскім раёне, а потым яе выставілі на аўкцыён, і я гандлявала гароднінай ва Ўруччынскім рынку адна, бо мне не хапае пэнсіі. Усё на гэтым рынку было добра, пакуль не прыйшоў новы кіраўнік, які зь мяне цягнуў, я плаціла, але потым грошы скончыліся і ён узяў на маё месца азэрбайджанца.

Мы, сумленныя прадпрымальнікі, якія ўсё жыцьцё плацілі падаткі вам, прэзыдэнту — ён нас выгнаў з рынку, я засталася бяз працы за 170 рублёў пэнсіі. Аляксандар Рыгоравіч, я за вас усё жыцьцё ваюю! Мы, старыя, ужо сталі непатрэбныя. Спадзяваньня больш ні на каго — толькі праз тэлебачаньне на вас, бо лісты да вас не даходзяць!»

Журналісты таксама сустрэлі чалавека з самаробнымі плякатамі, сярод якіх «Лукашэнка, мы выправім сваю памылку 1994 году. Беларускі народ».

«Калі народ выбера яго сумленна — я засуну свае гэтыя словы так глыбока...»

Падыходзіць мужчына: Мне амаль 70 гадоў, і я ўпершыню пачуў з экрану такія да сябе адносіны, такое хамства. Я столькі перажыў прэзыдэнтаў і кіраўнікоў, і Брэжнеў, і Хрушчоў, і ўсе адносіліся да свайго народу з павагай, а тут проста...

Ён ахрысьціў сябе «бацькам». Вось у мяне бацька — я ім ганаруся: ён у 17 гадоў пайшоў добраахвотнікам на фронт, прайшоў вайну з японцамі. У 1994 ён галасаваў за Лукашэнку — хацеў пераменаў. А потым зразумеў, што ўсё брахня, і не маўчаў. Яму суседзі казалі: «Глядзіце, а тое вас забяруць!», — а ён: «Ды вы што? Я на фронце не баяўся, дзе стралялі, забівалі, а тут буду ў сябе баяцца?» Ганаруся сваёй маці, якая падчас вайны працавала ля станка па 16 гадзінаў, каб перамагла краіна. А тут цяпер такое робіцца!


Наш прэзыдэнт казаў, што яго маці вучыла не хлусіць, казаць усё шчыра. Дык чаму ён адкрыта ня выйдзе да народу? Схаваўся за гэтымі ахоўнікамі сваімі і адтуль брэша на народ. Страляць пагражае! Гэта наогул «беспредел» поўны. Таму стаю падпісацца за ўсіх, толькі не за гэтага чалавека.

А гэтыя крымінальныя справы супраць прэтэндэнтаў! Што творыць чалавек? Ты ж прэзыдэнт! На цябе ж увесь сьвет глядзіць і мяркуе па табе, што і мы такія ўсе тут «беспредельщики» жывем.

А пра гэты «майдан»! Я ні ад каго ня чуў, каб пра яго гаварылі — усе пра сумленныя выбары, адзін прэзыдэнт толькі ўсё пра гэты майдан цьвердзіць.

Столькі гадоў не было сумленных выбараў — і ня будзе. Вось выбера яго народ сумленна — я засуну свае гэтыя словы так глыбока... і буду сумленна жыць і верыць яму. Але калі хлусьня зноў — гэта бязьмежжа поўнае.

«З кожным годам у нас не прагрэс, а рэгрэс»

Дзяўчына-студэнтка: Я падпісалася за ўсіх кандыдатаў, акрамя нашага любімага прэзыдэнта. Я працую не ў дзяржаўнай установе, таму мяне ніхто не прымушае падпісвацца і я магу вольна выказваць сваю думку. Мама, напрыклад, працуе ў школе, у сяле на Магілёўшчыне, там ужо прасілі подпісы за прэзыдэнта, але мама адмовілася і — ня буду хлусіць — прымушаць ня сталі. Пакуль што.

Хочацца свабоды слова — якая некалі была ўведзеная ў дзяржаве ВКЛ, дзе зьявілася першая канстытуцыя, а цяпер у нас такога няма. Хочацца, каб правы чалавека выконваліся не на паперы, а на справе. І каб людзі не баяліся, што «сьцены маюць вушы, гаварыць можам толькі на кухні, і тое ціхенька і з тымі, каму давяраем».

Так не павінна быць, і я лічу, што ў нас павінны быць рэформы ва ўсіх галінах. Я працую ў сфэры адукацыі, папрацавала адзін год у Магілёве ва ўнівэрсытэце харчаваньня, і проста ня «ўехала» ў гэтую сыстэму, скажу шчыра. Там няма свабоды думкі. Калі ты ня ўпісваесься ў рамкі іх сьветапогляду, мысьленьня, ты лішні. І пачынаюцца ўсе паборы, зьняцьце грошай за суботнікі — проста паведамляюць, што зьнялі грошы, і адкуль я ведаю, куды яны пайшлі?

Шкада, што ў пэдагогіку ідуць людзі, у якіх прахадны бал 100, і потым гэтыя людзі будуць вучыць маіх дзяцей? У шпіталі ніхто ня хоча ісьці лячыцца, бо гэта нэгатыў. Не мэдработнікі кепскія, а сыстэма зрабіла людзей злымі, таму рэформы трэба паўсюль. А калгасная сыстэма? Я пражыла ў вёсцы 10 гадоў, цяпер мне 26, і я разумею, што з кожным годам у нас не прагрэс, а рэгрэс. Так не павінна быць.

І не павінна быць такога, што нехта едзе на чужыну шукаць долі, бо тут не даюць выказацца. Я сама некалі езьдзіла ў ЗША працаваць на лета, цяпер шкадую, што вярнулася. І таму хочацца зьменаў, каб людзі сапраўды мелі права голасу, а ня тое што паўсюль проста затыкаюць людзям раты, і людзі баяцца, абы заробак не згубіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG