Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная арганізацыя здароўя: у Беларусі па-ранейшаму сур’ёзная сытуацыя з каранавірусам 


Прадстаўнікоў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнікоў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў

Беларусь усё яшчэ знаходзіцца на стадыі лякальнай перадачы каранавіруснай інфэкцыі, і гэта досыць сур’ёзная сытуацыя, спасылаецца БелаПАН на заяву афіцыйнага прадстаўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у Беларусі Батыра Бердыклычава.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мы бачым, што з надыходам лета ў людзей назапасілася стомленасьць, яны перастаюць ўсьведамляць усё яшчэ існуючую небясьпеку. Гэта вельмі хвалюючая тэндэнцыя, таму што вірус нікуды не падзеўся, небясьпека захоўваецца, нягледзячы на некаторую стабілізацыю і зьніжэньне колькасці новых выпадкаў», — адзначыў ён.

Батыр Бердыклычаў падкрэсьліў, што прыкметаў сэзоннасьці ў COVID-19 няма — ён распаўсюджваецца і ў краінах з гарачым кліматам. Таму спадзявацца, што летам вірус сыйдзе сам, не даводзіцца. Усе рэкамэндацыі застаюцца ранейшымі: рэсьпіраторны этыкет, гігіена рук, фізычнае дыстанцыяваньне і нашэньне масак.

Гаворачы аб прагнозах разьвіцьця сытуацыі з COVID-19, прадстаўнік САЗ адзначыў, што іх рабіць вельмі складана.

«Мы можам арыентавацца на досьвед іншых краін, у тым ліку постсавецкіх. Пасьля ўвядзеньня абмежавальных мераў колькасьць новых выпадкаў зьніжалася. Але пасьля зьняцьця карантыну зноў пачаўся ўздым. Гэта сьведчыць аб тым, што насельніцтва ўсё яшчэ успрымальнае да вірусу і неабходна камбінаваць меры стрымліваньня інфэкцыі, да якіх адносяцца тэставаньне, ізаляцыя, лячэньне і адсочваньне кантактаў».

Сусьветная арганізацыя здароўя, як і раней, рэкамэндуе краінам падтрымліваць празрыстасьць і выскокі ўзровень інфармаваньня насельніцтва аб сытуацыі з каранавірусам.

Мінздароўя Беларусі з канца красавіка ня робіць прэсавых канфэрэнцый з гэтац нагоды.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 12 чэрвеня колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у Беларусі дасасягнула 52 520, памерлі 298 чалавек.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG