Увечары 8 лютага каля гомельскай кавярні «The Box 99» двое мужчын пабілі дырэктара гэтай кавярні, які заступіўся за дзьвюх дзяўчат. Сьцьвярджалася, што нападнікі былі супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
Прынамсі аднаго з нападнікаў, палкоўніка КДБ і начальніка аддзелу УКДБ па Менску і Менскай вобласьці Андрэя Мільчанку 10 чэрвеня пачалі судзіць на закрытым працэсе ў Гомлі, піша Tut.by.
«Справа незвычайная, тут прысутнічае том матэрыялаў, якія зьяўляюцца дзяржаўным сакрэтам», — патлумачыла выданьню адвакатка Мільчанкі.
Мільчанку пагражае ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Мужчына, як сьцьвярджаецца, сам прыйшоў у міліцыю з павіннай. Другі мужчына, які быў зь ім у кавярні, праходзіць у справе сьведкам. Пацярпелы ж адмовіўся ад камэнтароў.