Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыноптыкі прагназуюць у Беларусі да +35. Як перажыць сьпёку?


©Shutterstock

Анамальнае халоднае надвор'е ў Беларусі скончылася​ толькі на бягучым тыдні, і адразу пачалася гарачыня. Тэмпэратура паветра 10 чэрвеня можа дасягаць +34°С, 11-га — +35°С. Празь сьпёку абвешчаны «аранжавы ўзровень небясьпекі».

У Менску на 10 чэрвеня ў прагнозе Белгідрамэтцэнтру абяцаюць да +30°С і магчымы дождж увечары, на 11-га — да +32 і сонечнае надвор’е, на 12-га — да +28 і моцны дождж (імавернасьць навальніцы 80%), але ўжо ў суботу — хмарнае надвор’е і да +22, у нядзелю — дождж і навальніцу, толькі да +17.

У Берасьці на сёньня і заўтра абяцаюць сьпёку і дажджы, але ў пятніцу — сонечна і да +33. Сьпёка зь Берасьця сыдзе толькі ў нядзелю.

У Віцебску да канца тыдня будзе хмарна і дажджліва, але сьпякотна ў будныя дні, ды ўжо ў суботу абяцаюць +20.

У Гомлі да пятніцы будзе сонечна і да +34, у суботу прагназуюць дажджы, але нават у нядзелю абяцаюць да +24.

У Горадні прагназуюць дажджы днямі і вечарамі да канца тыдня, сьпёку да пятніцы, да +24 у суботу і +19 у нядзелю.

У Магілёве абяцаюць сонечны чацьвер, да +32°С, але далей — дажджы да канца тыдня. На пятніцу прагназуюць да +30, на суботу — +19, на нядзелю — +20.

Пакуль найцяплей у Брагіне, што ў Гомельскай вобласьці. Там да канца тыдня сьпёка не спадзе, нават у нядзелю будзе да +26, а дождж прагназуюць толькі на чацьвер.

Хоць кліматычнай зімы не было, вясна 2020 году ў Беларусі выдалася надзвычай халоднай — ацяпляльны сэзон быў рэкордна доўгім, а яшчэ ў траўні выпадаў сьнег.

Як паводзіць сябе ў сьпёку?

У сьпёку рэкамэндуюць насіць лёгкае адзеньне з натуральнай тканіны і галаўны ўбор, меней карыстацца дэкаратыўнай касмэтыкай, заўсёды мець пры сабе ваду, старацца меней знаходзіцца пад прамымі сонечнымі прамянямі, пазьбягаць заняткаў спортам у самы сквар, але і не сядзець пад уключанымі на максымум кандыцыянэрамі, каб не захаладзіцца.

Каб надаць першую дапамогу пацярпеламу ад сонечнага ўдару, трэба да прыбыцьця лекараў перанесьці яго ў зацененае халаднаватае памяшканьне, вызваліць ад тугога адзеньня (расшпіліць папругу і тугі каўнер, зьняць абутак), адчыніць вокны, пры магчымасьці пакласьці пад пахі пакеты зь лёдам або мокры халодны ручнік, напаіць вадой. Калі чалавек страціць прытомнасьць, даць панюхаць нашатырны сьпірт.

Сьпёка, як і мароз, ня спыняць эпідэміі новага каранавірусу. Пры наведваньні пляжаў або іншых грамадзкіх месцаў варта трымаць дыстанцыю мінімум у паўтара мэтра ад іншых асобаў, у месцах высокай шчыльнасьці людзей насіць маскі. Цалкам забіць вірус SARS-CoV-2 у чалавечых клетках змаглі толькі пры нагрэве да +92°С, а да такой тэмпэратуры чалавечае цела не награецца ні ў якую сьпёку.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG