Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяг адбіраюць не для таго, каб яго ўзьняць


Міліцыянт складае пратакол на актывістку Ніну Багінскую, 2016 год, ілюстрацыйнае фота

Пра месца ідэяў і каштоўнасьцяў у Беларусі апошняга і бліжэйшага часу. Не пра асобы і не пра „выбары“.

Сьцісла:

  • У канцы 1980-х стыхійны пратэст супраць эканамічнай няздатнасьці савецкай імпэрыі ўзьняўся да патрабаваньня незалежнасьці Беларусі, чаму спрыяла арганізаваная сіла — БНФ.
  • Пасьля 1994 году ўлада стратэгічна вынішчала поле беларускіх каштоўнасьцяў, а іх носьбітаў маргіналізавала.
  • Цяперашняя статусная апазыцыя ў цяжкім структурным і асабовым крызісе.
  • Стратэгія дэпалітызацыі руху за беларускую ідэнтычнасьць не прывяла да зьмены ўладнай лініі на захаваньне Беларусі ў постсавецкім полі. Аднак улада ўзяла на ўзбраеньне слова „незалежнасьць“, спрабуючы пераняць каштоўнасны арыентыр.
  • Узьнік вакуўм, які запаўняюць іншыя пасылы — „абеларускія“. Тэма беларускасьці, незалежнасьць як вызначальная каштоўнасьць, цывілізацыйны выбар адсутныя ў парадку дня тых, хто пэрсаніфікуе альтэрнатыву сёньня.
  • Грамадзкая думка прывучаецца да таго, што мець Расею за плячыма — нармальна. Можа стацца, што ўлада і тыя, хто пэрсаніфікуе грамадзкі пратэст, ня будуць геапалітычнымі апанэнтамі.

Энэргія пратэсту можа быць вельмі плённай, калі прыводзіць да ўспрыманьня інакшай сыстэмы каштоўнасьцяў. Так было ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х.

Калі развальвалася савецкая імпэрыя, тыя, хто прагнуў свабоды ад камунізму, рабіліся і прыхільнікамі незалежнасьці ды нацыянальнага адраджэньня або прынамсі добра да апошняга ставіліся. Моцны, як на датуляшнюю беларускую савецкую рэальнасьць, добра бачны і чутны грамадзка-палітычны рух — Беларускі Народны Фронт — фармуляваў неразрыўнасьць каштоўнасьцяў свабоды, незалежнасьці Беларусі, нацыянальна-моўнага адраджэньня і заходняга цывілізацыйнага выбару.

Гэта было ўвасабленьне грамадзкага запыту на інакшыя каштоўнасьці. Запыту часам цьмянага, але ў тым і сэнс каштоўнаснай альтэрнатывы — яна прапануе цэласны сьветапогляд і бачаньне будучыні, праясьняе цьмянасьць.

Два дзесяцігодзьдзі вытоптваньня

Але за дзесяцігодзьдзі адбылася істотная зьмена.

Па-першае, улада стратэгічна вынішчала поле беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў, перасьледавала і маргіналізавала іх носьбітаў, выпустошвала іх зьмест.

Па-другое (пераважна ў выніку першага, але таксама і як наступства суб’ектыўных памылак і аблудаў), статусная палітычная апазыцыя, у тым ліку што дакляруе нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасьці, апынулася ў цяжкім арганізацыйным і асабовым крызісе.

Загучалі галасы: тэмаў беларускае мовы, культурнай тоеснасьці, а таксама сапраўднай незалежнасьці і заходняга геапалітычнага выбару людзі ня хочуць і баяцца, бо ўсё гэта асацыюецца з палітычнай „апазыцыяй“. Як (вымушаны?) адказ на фальшывую дылему зьявілася стратэгія дэпалітызацыі беларускай ідэнтычнасьці, а нават спробы ўкараніць ува ўладу людзей, якія б зьмякчалі жорсткую русыфікацыйную лінію.

Але інстытуцыянальная русыфікацыя працягваецца як і раней, нягледзячы на дэкарацыі і дэклярацыі. Беларусь застаецца ў падкантрольнай Расеі эканамічнай, палітычнай, моўнай, мэнтальна-культурнай, інфармацыйнай, вайсковай прасторы.

Аднак, нягледзячы на дзяржаўную лінію, розныя групы грамадзтва, што важна — новыя пакаленьні ўспрымаюць каштоўнасьці беларускай ідэнтычнасьці, гістарычнай памяці, мовы — як чыньнікаў незалежнасьці.

Забраць сьцяг

І ўва ўладным дыскурсе зьявілася слова „незалежнасьць“ (яго ў гэтай улады ад пачатку не было — нагадваю тым, хто забыў, і кажу тым, хто замалады, каб памятаць). Падкрэсьлю —слова. Для цяперашняй улады падмена зьместу ключавых паняцьцяў — важная частка самаабгрунтаваньня. „Выбары“, „падзел уладаў“, „свабода“, „раўнапраўе“ (у тым ліку моваў) і г. д. Дадаць да гэтага сьпісу ў двукосьсях яшчэ адно слова — „незалежнасьць“ — пытаньне тэхнічнае. І нават дазволіць сабе і сваім прапагандыстам вэрбальныя выпады супраць усходняга суседа — таксама тэхніка, тактыка.

Забраць у апанэнтаў сьцяг, які сымбалізуе еднасьць беларушчыны, незалежнасьці і свабоды, — гэта робіцца зусім не для таго, каб яго ўзьняць. Поле незалежніцкіх каштоўнасьцяў добраахвотна аддаецца тым, хто іх рэальна ня толькі не падзяляе, а нясе адказнасьць за іх вынішчэньне.

Хто скарыстае энэргію

У выніку ў альтэрнатыўным палітычным полі ўзьнік ідэйна-каштоўнасны вакуўм. І яго прадказальна запоўнілі іншыя пасылы — ня гэтулькі антыбеларускія, колькі „абеларускія“. Г. зн. Беларусі як незалежнага суб’екту і беларусаў як народу з моўна-культурна-гістарычнай ідэнтычнасьцю ў тым дыскурсе няма. Прагрэс і дабрабыт — але для каго, для якога народу, хто суб’ект зьменаў? Тэма беларускасьці, незалежнасьць як ключавая (а ня проста бясспрэчная) каштоўнасьць, цывілізацыйны выбар беларусаў проста адсутныя ў парадку дня тых, хто пэрсаніфікуе альтэрнатыву сёньня.

Незадавальненьне, абурэньне ўладай будзе нарастаць. Але Беларусь упершыню ў найноўшай гісторыі сутыкаецца з сытуацыяй, калі масавую энэргію пратэсту могуць скарыстаць, каналізаваць, арганізацыйна аформіць групы, сілы і сцэнары, якія ня маюць незалежнасьці Беларусі і беларускай ідэнтычнасьці як адназначна сфармуляваных прыярытэтных каштоўнасьцяў.

Цяпер грамадзкая думка прывучаецца да таго, што быць прарасейскім, мець Расею за плячыма, — нармальна. У бліжэйшыя месяцы Беларусь можа сутыкнуцца з зусім новай сытуацыяй, калі ўлада, з аднаго боку, і тыя, хто пэрсаніфікуе грамадзкі супраць яе пратэст, з другога, ня будуць геапалітычнымі апанэнтамі. Ці зробяць нацыянальна-дэмакратычныя сілы і групы ўплыву высновы з сытуацыі, ці адкажуць на новы выклік?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG