Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За горадзенскую пляцоўку, дзе шылі камбінэзоны для мэдыкаў і якую маглі закрыць, заступіўся галава гораду


У новым памяшканьні майстэрні людзей з інваліднасьцю

Канфлікт у горадзенскім дзіцячым госьпісе, які пагражаў спыніць валянтэрскую дапамогу мэдыкам, вырашыўся. У сытуацыю ўмяшаўся старшыня горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой.

Найбуйнейшая валянтэрская пляцоўка, дзе шыюць засьцерагальныя сродкі, аказалася пад пагрозай закрыцьця. Валянтэры раней працавалі на базе Горадзенскага дзіцячага госьпісу ў майстэрні людзей з інваліднасьцю. За месяц там пашылі каля 700 камбінэзонаў. Усё бясплатна перадавалі мэдыкам.

19 траўня намесьнік галоўнага лекара Горадзенскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Алег Перагарулька прапанаваў майстэрні зьехаць у іншае месца, бо яна перашкаджае паліклініцы, у якой месьціцца госьпіс. Пераяжджаць майстэрні не было куды.

На наступны дзень пра сытуацыю даведаўся старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой. Ён прыехаў у госьпіс і паабяцаў валянтэрам зручную пляцоўку зь безбар’ерным асяродзьдзем, і то бясплатна. Прапанавалі памяшканьне ў лесапарку Пышкі, зрабілі там рамонт.

Як паведаміла каардынатарка майстэрні людзей з інваліднасьцю Сьвятлана Пінчук, яны ўжо пераехалі ў новае памяшканьне. Цяпер даводзяць яго да ладу, прыбіраюць, перавозяць мэблю. І ўжо зноў шыюць камбінэзоны.

Горадзенскі дзіцячы госьпіс працуе і надалей па ранейшым адрасе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG