Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне апускаюцца рукі». Найвялікшую валянтэрскую пляцоўку па шыцьці камбінэзонаў для мэдыкаў у Горадні хочуць закрыць


Шыцьцё мэдычных касьцюмаў у Горадзенскім дзіцячым госьпісе

За месяц у Горадзенскім дзіцячым госьпісе людзі з інваліднасьцю і валянтэры пашылі каля 700 камбінэзонаў, каб засьцерагчы мэдыкаў падчас эпідэміі. Аднак гэтую працу могуць спыніць, а памяшканьне перадаць пад «чыстую зону» для супрацоўнікаў паліклінікі, у будынку якой месьціцца госьпіс.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Яны робяць свой унёсак у абарону мэдыкаў»

Горадзенскі дзіцячы госьпіс — грамадзкая арганізацыя, якая месьціцца ў будынку дзіцячай паліклінікі № 2 у Горадні.

Ужо месяц як людзі з інваліднасьцю і валянтэры шыюць там ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў. Праца ідзе ў межах майстэрні людзей з інваліднасьцю. Праект госьпісу выграў грант у праграме малых грантаў пасольства ЗША ў Беларусі.

Першапачаткова ў майстэрні займаліся іншым — прыкладам, расфарбоўвалі драўляныя домікі. З пачаткам эпідэміі каранавірусу пачалі шыць мэдычныя маскі, потым перайшлі на камбінэзоны. Да працы пачалі далучацца гарадзкія валянтэры. Усяго за месяц у супольным шыцьці паўдзельнічалі 35 чалавек. Усе сродкі індывідуальнай абароны, зробленыя ў госьпісе, бясплатна перадавалі мэдычным работнікам Горадзенскай вобласьці.

Каардынатарка майстэрні для людзей з інваліднасьцю Сьвятлана Пінчук (першая зьлева)
Каардынатарка майстэрні для людзей з інваліднасьцю Сьвятлана Пінчук (першая зьлева)

Пасьля таго як пра валянтэраў у госьпісе пачалі пісаць мэдыя, кіраўніцтва дзіцячай паліклінікі № 2 папрасіла іх вызваліць хол, у якім ідзе шыцьцё.

Як расказала каардынатарка майстэрні для людзей з інваліднасьцю Сьвятлана Пінчук, 19 траўня ў госьпіс прыходзіў намесьнік галоўнага лекара Горадзенскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Алег Перагарулька, які патлумачыў, што займаецца кантролем стварэньня «чыстых» і «брудных» зон у горадзенскіх лякарнях.

Алег Перагарулька
Алег Перагарулька

«Ён сказаў, што мы незаконна займаем плошчу хола, перашкаджаем працы паліклінікі, а менавіта стварэньню „бруднай“ і „чыстай“ зоны... Ён сказаў, што грант таксама пад пытаньнем, ці мелі мы права яго рэалізоўваць, бо госьпіс дзіцячы, а грант — для працы з дарослымі людзьмі з інваліднасьцю... Што калі пачнуць разьбірацца, то напішуць у пасольства, і хуценька нам тут усё перадумаюць», — пераказвае Сьвятлана Пінчук.

У холе хочуць стварыць «чыстую зону» і «шлюз», дзе мэдыкі будуць пераапранацца, каб трапіць потым у лякарню. Хол — месца агульнага карыстаньня паліклінікі і госьпісу. Аднак звычайна гэтым дадатковым уваходам карысталіся толькі супрацоўнікі госьпісу. Супрацоўнікі паліклінікі заходзілі праз галоўныя дзьверы зь іншага боку будынка.

Знайсьці іншую зручную пляцоўку для працы людзей з інваліднасьцю складана. У кабінэтах госьпісу мала месца, у сэнсорным пакоі прыглушанае асьвятленьне. Праца ў такіх умовах зьнізіць якасьць і колькасьць касьцюмаў. Працаваць у іншым будынку таксама малаверагодна, бо безбар’ернае асяродзьдзе далёка не паўсюль.

«Я не магу забараніць людзям дапамагаць. Яны такім чынам робяць свой унёсак у абарону мэдыкаў, каб сытуацыя палепшылася, каб захавалася здароўе людзей. Можна сядзець дома і абмяркоўваць навіны, а можна рабіць. Яны ўсе [валянтэры] абралі нешта рабіць. Забараніць ім? Чалавек больш не захоча дапамагаць. Мы застанемся ў кепскай сытуацыі, калі будзе вялікая колькасьць заражаных лекараў і вялікая колькасьць хворых. Мы самі сябе тады ставім пад пагрозу», — разважае Сьвятлана Пінчук.

«У мяне апускаюцца рукі»

Дырэктарка Горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка патлумачыла, што праект з сацыяльнай майстэрняй рэалізуецца зь верасьня мінулага году. Пытаньняў да яго раней не было. Госьпіс не парушае законаў, бо праект зарэгістраваны, а адзін з кірункаў статутнай дзейнасьці госьпісу — праца з дарослымі людзьмі з інваліднасьцю.

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

«Калі прыходзіць паліклініка са мной дамаўляцца, якім чынам зрабіць „чыстую“ і „брудную“ зону, і яны ведаюць, што там сядзяць валянтэры, якія шыюць для іхніх калегаў касьцюмы, то натуральна сказаць людзям „дзякуй“ і прапанаваць хоць якое выйсьце, каб мэдыкам касьцюмы далей шыліся», — разважае Вольга Вялічка.

Дырэктарка госьпісу спрабавала вырашыць пытаньне з кіраўніцтвам дзіцячай паліклінікі. Яна прапаноўвала аддаць сэнсорны пакой у госьпісе пад месца, дзе будуць пераапранацца мэдыкі, а хол пакінуць для шыцьця надалей. На думку кіраўніцы госьпісу, інакш арганізаваць на гэтым лапіку «чыстую» зону і «шлюз» немагчыма фізычна. Але чамусьці ейнае рашэньне не падышло.

«Мы шыем касьцюмы. Мэдыкі з-пад крыса просяць і дзякуюць. А чыноўнікі кажуць: „У нас усё ёсьць, нам гэтыя касьцюмы не патрэбныя“. Адны людзі робяць для іншых людзей. І ёсьць трэцяя група, якая жыве ў сваім сьвеце, у іншай рэальнасьці, і яны забыліся на простае слова „дзякуй“», — кажа Вольга Вялічка.

Яна зьдзіўляецца, што госьпіс крытыкуюць за працу зь людзьмі з інваліднасьцю і за валянтэрскую дапамогу мэдыкам.

«Я б ім параіла стварыць альтэрнатыву, каб людзям са складанай інваліднасьцю, якім ад 18 да 24 гадоў, было куды пайсьці. Вельмі зручна крытыкаваць працу іншых, вельмі складана самастойна ствараць сыстэму... У мяне апускаюцца рукі. Тое нельга, гэта нельга, гэта ня так зрабілі. Ніякай станоўчай крытыкі», — абураецца дырэктарка госьпісу.

Ці магчыма дамовіцца?

Ці магчыма прыйсьці да кампрамісу і знайсьці месца і для «чыстай зоны» са «шлюзам», і для майстэрні? Знайсьці адказ на гэтае пытаньне пакуль не ўдалося. Карэспандэнт БелаПАН ня змог дазваніцца да выканаўцы абавязкаў галоўнага лекара дзіцячай паліклінікі № 2 у Горадні Ірыны Голуб. Намесьнік галоўнага лекара Горадзенскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Алег Перагарулька ў тэлефоннай размове з журналістам БелаПАН адмовіўся ад камэнтароў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG