Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны далі нуль грошай». Чаму горадзенскім дзіцячым госьпісам зацікавілася абласная камісія


Горадзенскі дзіцячы госьпіс, архіўнае фота

У дзіцячым госьпісе ў Горадні, які ў вольны час шые маскі для шпіталяў, чакаюць візыту абласной камісіі, якая мае ацаніць дзейнасьць арганізацыі. Пра гэта госьпісу паведамілі мясцовыя ўлады, пасьля таго як дырэктарка заявіла, што сыходзіць з пасады, і папрасіла знайсьці новага кіраўніка.

Коратка пра дзіцячы госьпіс у Горадні

Горадзенскі дзіцячы госьпіс імя сьвятога Губэрта — грамадзкая, недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя. Ён існуе за кошт спонсарскай дапамогі перадусім ад буйных беларускіх прадпрыемстваў, а таксама дзякуючы праектнай дзейнасьці (гранты) і ахвяраваньням людзей. Дзяржава не выдзяляе сродкаў на яго ўтрыманьне. Госьпіс працуе больш за 11 гадоў. Ён апякуецца цяжка хворымі дзецьмі прыкладна з 70 сем’яў.

Што здарылася?

Дырэктарка госьпісу Вольга Вялічка 1 красавіка даслала на імя старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Краўцова ліст, што яна зь верасьня гэта году сыходзіць са сваёй пасады і просіць знайсьці сабе замену.

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

Жанчына ініцыявала стварэньне госьпісу ў 2008 годзе і кіруе ім ад пачатку. Як сказала Вялічка Свабодзе, яны ў госьпісе ня могуць знайсьці замену на месца дырэктара з заробкам 680 рублёў.

Дакумэнт, які прыслалі Вользе
Дакумэнт, які прыслалі Вользе

Увечары ў пятніцу 10 сакавіка ёй пазванілі з упраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму і паведамілі, што ў панядзелак 13 красавіка хочуць прыйсьці ў госьпіс.

У мэсэнджар ёй даслалі першы аркуш дакумэнту, паводле якога ў адказ на ейную заяву ствараецца камісія з 4 чалавек.

З дакумэнту вынікае, што адна з задач камісіі — «ацаніць дзейнасьць госьпісу».

«Яны далі нуль грошай»

«Гэта наогул незаконна, бо ўпраўленьне аховы здароўя ня можа ацэньваць дзейнасьць грамадзкага аб’яднаньня», — мяркуе дырэктарка госьпісу.

Камісія, як чакае дырэктарка, будзе правяраць эфэктыўнасьць дзейнасьці арганізацыі. Але чаму?

«Я гэта расцэньваю ня проста як праверку. Калі праводзіцца праверка, у яе ёсьць нейкая мэта, яна піша плян праверкі, якія пытаньні будуць правярацца, якая падстава. А тут упраўленьне аховы здароўя будзе ацэньваць эфэктыўнасьць дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня. Гэта могуць ацэньваць толькі чальцы арганізацыі. Яны [мясцовыя ўлады. — РС] далі нуль грошай», — кажа Вольга Вялічка.

У горадзенскім госьпісе
У горадзенскім госьпісе

Дырэктарка госьпісу кажа, што ня ведае, што стала сапраўднай прычынай рэакцыі ўладаў. Яна мяркуе, што гэта можа быць ціск уладаў на грамадзкую арганізацыю. Цягам апошніх некалькіх гадоў госьпіс часта правяраюць розныя інстанцыі. Сёлета іх ужо правяраў аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

«У нас усе былі, нават КДБ, гарвыканкам быў, пракуратура. Правяраюць усю фінансавую дакумэнтацыю, спонсарскую дапамогу, наогул усё. Нічога не знайшлі, бо ў арганізацыі ўсё чыста... Яны выклікаюць супрацоўнікаў госьпісу, бацькоў [выхаванцаў], задаюць дзіўныя пытаньні, напрыклад, ці стаю я на ўліку ў псыхіятрычнай лякарні, ці п’ю таблеткі», — узгадвае ход мінулых праверак суразмоўніца.

Наколькі ведае дырэктарка госьпісу, праверкі праводзяцца так часта, таму што нехта на яе скардзіцца ананімна. На запыт Вялічкі ў міліцыю з просьбай выявіць, хто дасылае ананімкі, ёй адказалі, што знайсьці ня могуць.

«Я бачу, што яны хочуць скасаваць арганізацыю»

Дырэктарка госьпісу мяркуе, што частыя праверкі могуць быць рэакцыяй на тое, што яна агучвае праблемы ў сыстэме паліятыўнай дапамогі, прапануе ўносіць зьмены ў заканадаўства. Так, летась госьпіс прасіў ва ўладаў бясплатна выдзеліць будынак, бо ў цяперашнім памяшканьні не хапае месца. Да таго ж госьпіс прапанаваў, каб частка ягоных паслугаў аплачвалася зь бюджэту па дзяржаўнай замове — заканадаўства гэта дазваляе.

Вольга Вялічка падкрэсьлівае, што яна крытыкуе не асобы, а «функцыю пасады», тое, што можна палепшыць агулам у сыстэме аказаньня дапамогі цяжка хворым дзецям.

«Калі існуюць праблемы ў працы — гэта нармальна. Нармальна падымаць праблемы і іх агучваць. Мы там усе сядзім, каб вырашаць праблемы... Ня трэба гэта прымаць на свой асабісты рахунак», — кажа яна.

Узнагароды, атрыманыя госьпісам
Узнагароды, атрыманыя госьпісам

Дырэктарка дапускае, што ўлады могуць скасаваць арганізацыю, калі, прыкладам, прызнаюць ейную дзейнасьць неэфэктыўнай.

«Я бачу, што яны хочуць скасаваць арганізацыю і шукаюць для гэтага падставы. Другое — яны палітызуюць маю дзейнасьць, выдумляюць тое, чаго няма. Мне ў вочы ў гарвыканкаме кажуць: „Вы разумная жанчына, але вы слухаеце заходнія рэчы“. Я хачу данесьці простую рэч: я абсалютна непалітычны чалавек», — абураецца Вольга.

Яна адзначыла, што і да яе мужа ў прыватную фірму летась прыходзіла праверка. Жанчына думае — што празь ейную грамадзкую дзейнасьць. «Я наагул ня веру ні ў якія супадзеньні. Хай яны ў супакоі пакінуць маю сям’ю, майго мужа і маіх бацькоў... Я ведаю, што напісана ў ананімках. У мяне валасы дыбарам стаяць ад гэтага», — эмацыйна кажа Вялічка.

«Замест таго каб сказаць дзякуй, яны праверку мне праводзяць?»

Цяпер госьпіс працуе дыстанцыйна. Распрацаваны плян працы зь дзецьмі. 13 красавіка памяшканьне госьпісу будзе зачыненае, таму камісія туды ня зможа трапіць.

Дырэктарка плянуе сысьці з пасады ў верасьні
Дырэктарка плянуе сысьці з пасады ў верасьні

Супрацоўнікі госьпісу ў свой вольны час (некаторыя ўзялі водпуск за свой кошт), бацькі выхаванцаў, а таксама людзі з інваліднасьцю разам дабрачынна шыюць маскі для лекараў, каб абараніць іх падчас пандэміі каранавірусу. Тканіну і гумкі шукаюць самі.

«Замест таго каб сказаць дзякуй, яны праверку мне праводзяць? Гэта так брудна! Гэта ня проста нонсэнс. Гэта па-за межамі разуменьня гэтага жыцьця... Я дзяржаве так скажу: не яны нас адчынялі, каб зачыняць», — эмацыйна кажа Вольга Вялічка.

Улады: «Гэта не праверка»

Галоўны спэцыяліст упраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі апарату галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Алена Курбат паведаміла БелаПАН, што ўпраўленьне не дае камэнтароў.

«Няхай Вялічка сама раскажа... Мы, тым больш журналістам, ніякіх камэнтароў не даём. Яна [Вялічка] ведае чаму. Яна вельмі добра паінфармаваная. Тое, што яна ўводзіць усіх у зман, гэта зусім іншае», — сказала Алена Курбат.

Па словах галоўнага спэцыяліста ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму, у госьпіс ня мае прыходзіць праверка.

«Гэта не праверка... Ніхто яе правяраць не зьбіраецца. Яна ўзбударажыла ўсіх. Я думаю, што абсалютна дарма. Ніхто ёй ніякай шкоды не зьбіраецца рабіць», — дадала Алена Курбат.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG