Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Чэхіі будуць выдвараныя два расейскія дыпляматы


Расейская амбасада ў Празе

Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш заявіў, што паведамленьне пра падрыхтоўку замаху на трох чэскіх палітыкаў было дэзынфармацыяй, віну за распаўсюд якой нясуць супрацоўнікі расейскай амбасады ў Празе.

Менавіта яны, як сьцьвярджаецца, дэзынфармавалі чэскія спэцслужбы.

З Чэхіі ў сувязі з гэтым будуць выдвараныя два расейскія дыпляматы. Пра гэта ў пятніцу абвясьцілі Бабіш і кіраўнік МЗС Чэхіі Томаш Пэтршычэк. Пра тое, што мае адбыцца выдварэньне, раней паведаміла чэскае выданьне Hospodářské noviny, спасылаючыся на свае крыніцы.

Імёны дыпляматаў пакуль не называюцца.

Імя аднаго з супрацоўнікаў расейскай дыпмісіі ў Празе, выканаўцы абавязкаў кіраўніка мясцовага аддзяленьня арганізацыі «Россотрудничество» Андрэя Канчакова, згадвалася раней чэскай прэсай у сувязі з магчымай падрыхтоўкай замаху на трох праскіх палітыкаў. Сьцьвярджалася, што дыплямат нібыта прывёз у Прагу атруту рыцын. Амбасада Расеі і сам Канчакоў гэта адмаўлялі.

Масква рэзка крытыкуе Чэхію за нядаўні дэмантаж у Празе помніка маршалу Івану Коневу і ўстаноўку памятнага знака байцам Расейскай вызвольнай арміі генэрала Андрэя Ўласава. У Маскве з незадавальненьнем успрынялі і перайменаваньне праскай плошчы, дзе разьмешчана амбасада Расеі, у плошчу Барыса Нямцова. У прэсе сьцьвярджалася, што менавіта палітыкі, адказныя за гэтыя рашэньні, былі патэнцыйнымі ахвярамі замаху і былі ўзятыя пад ахову. Улады Чэхіі наўпрост не абвінавачвалі Расею ці каго-небудзь з дыпляматаў у падрыхтоўцы замаху.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG