Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Вугоршчыны заклікаў Эўразьвяз зьняць санкцыі зь Беларусі


Віктар Орбан і Аляксандар Лукашэнка ў Менску, 5 чэрвеня 2020 году.

Падчас візыту ў Менск 5 чэрвеня прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў, што надышоў час скасаваць санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі і атачэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Як піша БелТА, пасьля сустрэчы з Лукашэнкам Орбан заявіў:

«Партнэрства будаваць з санкцыямі немагчыма. Таму для Эўразьвязу надышоў час скасаваць дзейныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі».

Пры тым Эўразьвяз раней уводзіў санкцыі супраць Вугоршчыны — у 2018 годзе ўпершыню Зьвяз увёў санкцыі супраць краіны-чальца. Гэта было зроблена за «сыстэматычныя» парушэньні яе ўрадам асноватворных каштоўнасьцяў Эўразьвязу ў сфэры правоў чалавека, дэмакратыі і барацьбы з карупцыяй. Новымі санкцыямі Орбану пагражалі за тое, што ён браў на сябе надзвычайныя паўнамоцтвы ў сувязі з каранавірусам.

Што прадугледжваюць санкцыі

Эўрапейскія санкцыі ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі і абсталяваньня, якія могуць быць ужытыя ў Беларусі для рэпрэсій, замарожваньне рахункаў і забарону на паездкі чатырох асобаў. Пры тым Эўразьвяз падоўжыў выключэньне, якое дазваляе пастаўляць пэўную колькасьць спартовых вінтовак і пісталетаў.
Першапачаткова ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу ўваходзілі чатыры беларускія чыноўнікі — Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле Эўразьвязу, яны маюць дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі апанэнтаў улады ў 1999–2000 гадах.

У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, па выніках якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў права выбірацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў, сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і камандзір палку міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед.

У 2006 годзе сьпіс пашырыўся да 41 чалавека. Гэтыя асобы, на думку Эўразьвязу, былі адказныя за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У сьпіс уключылі і Аляксандра Лукашэнку.

У кастрычніку 2008 году санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў былі прыпыненыя.

Дзеяньне санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі было адноўлена і пашырана пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, якія завяршыліся жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Менску, арыштам большасьці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты і масавымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці.

Краіны, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, упершыню далучыліся да санкцый супраць Беларусі ў 2012 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG