Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Орбана — ягоная ўласная ініцыятыва, а не пасланьне ад Захаду, — вугорскі палітоляг


Віктар Орбан і Аляксандар Лукашэнка праходзяць каля ганаровай варты ў Менску, 5 чэрвеня 2020

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан наведвае Беларусь з афіцыйным візытам. Гэта першы такі візыт вугорскага кіраўніка.

Палітоляг вугорскага Цэнтру палітычнага аналізу Méltányosság​ Атыла Тыбар Надзь адказаў на пытаньне Радыё Свабода, чаму гэты візыт адбываецца цяпер, нягледзячы на пандэмію каранавірусу.

Атыла Тыбар Надзь
Атыла Тыбар Надзь

— Гэта моцны сымбалічны крок, асабліва калі ўлічыць, што шмат хто з крытыкаў называў Беларусь апошняй дыктатурай Эўропы, і Орбана могуць абвінаваціць у захапленьні дыктатарамі. Аднак Орбан не адзіны, хто спрабуе падтрымліваць стасункі з Лукашэнкам. Тое ж самае робіць і Эўразьвяз, зьняўшы зь Беларусі частку санкцый і спрабуючы зь ёю супрацоўнічаць.

Што тычыцца часу візыту, дык магчыма, што дамоўленасьць пра такую сустрэчу была дасягнутая ўжо некалькі месяцаў таму, яшчэ да пандэміі. Магчыма, што візыт адкладалі. Аднак я тут ня бачу нейкай рэзкай зьмены ў пазыцыі Віктара Орбана — ягоны ўрад і раней спрабаваў захоўваць палітычныя стасункі зь Беларусьсю. Міністры замежных спраў Беларусі і Вугоршчыны сустракаліся ўжо некалькі гадоў таму.

— Ці магчыма, што Віктар Орбан выступае пасланьнікам ад кіраўніцтва Эўразьвязу і ўвогуле ад Захаду, які прывёз нейкія прапановы, калі Лукашэнка пагодзіцца паводзіць сябе стрымана падчас прэзыдэнцкай кампаніі?

— Я думаю, што гэты візыт — уласная ініцыятыва Орбана. Цікава, што візыт адбываецца ў час, калі адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным даволі напружаныя, паміж імі ідуць гандлёвыя і палітычныя спрэчкі.

Орбан спрабуе падтрымліваць добрыя адносіны з Расеяй і з Пуціным, але ён таксама хоча добрых адносінаў з Лукашэнкам. Хоць Вугоршчына і частка Эўразьвязу, для Орбана важна паказаць, што ён ня цалкам залежны ад Захаду. Ён сустракаўся зь лідэрамі Індыі і Кітаю, гэта пасьлядоўная пазыцыя.

Наколькі я разумею, у цэнтры візыту ў Менск — эканоміка. Летась гандаль паміж Вугоршчынай і Беларусьсю складаў каля 215 мільёнаў даляраў, і бакі спрабуюць узмацніць эканамічныя і гандлёвыя стасункі.

Думаю, што вугорская апазыцыя скрытыкуе Орбана за гэты візыт. Некаторыя апазыцыйныя партыі ўжо заяўлялі, што Орбан спрабуе ўсталяваць у Вугоршчыне дыктатуру і хоча сябраваць з дыктатарамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG