Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Два дроны дакладна сагналі». Відэааматар сьцьвярджае, што падчас пікету на Камароўцы страціў тры дроны


Агульныя страты ўладальнік дронаў ацэньвае ў 1200 даляраў. Свабода разабралася, як гэта магло атрымацца.

Аматар здымаць відэа з дрона Андрэй сьцьвярджае, што падчас пікету па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую на менскай Камароўцы ў яго зьніклі два дроны. Першы ён запусьціў каля 13 гадзіны 31 траўня.

«Лічу, што такія акцыі варта здымаць, і мне проста вельмі хацелася гэта зрабіць, але, на жаль, не атрымалася, — кажа Андрэй. — Я паспрабаваў палятаць каля Камароўкі, дрон узьлятаў з боку вуліцы Кульман. Першы дрон згубіў кіраваньне каля «Лідо», прычым вельмі рэзка. Я падумаў, што гэта выпадковасьць, бо з самаробнымі дронамі такое бывае, асабліва ў цэнтры гораду. Я запусьціў другі такі самы дрон, і ён проста паляцеў такім жа чынам».

Трэці дрон ён запускаў ужо прамысловы, які кіруецца праз закрыты канал. Але і ён пацярпеў.

«Ён разьбіўся на даху Камароўкі, але гэты дрон магло проста зьдзьмуць. А вось у першых дронах я ўпэўнены, іх, хутчэй за ўсё, сагналі. Бо абодва яны наляталі па шмат гадзін. Два дроны самазборныя, каштуюць каля 800 даляраў разам, і апошні — каля 400», — кажа Андрэй.

Трэці дрон хлопец запусьціў, бо ён кіруецца з закрытага каналу і сагнаць яго цяжка. Таму быў упэўнены, што такога не адбудзецца, і ставіць больш на тое, што яго зьдзьмула. Пакуль Андрэй вагаецца, ці варта зьвяртацца ў міліцыю з заявай.

«Першыя два дроны самазборныя, на іх няма дакумэнтаў, таму ня ўпэўнены, што іх будуць шукаць», — кажа Андрэй.

Зьбіць дрон, які ня мае дазвол на палёты ад Мінабароны могуць толькі ў месцах, забароненых для палётаў. Камароўка да іх не адносіцца.

Усе тры дроны не належаць да той катэгорыі, якая падлягае абавязковай рэгістрацыі.

Калі і за што могуць зьбіць дрон

Для Менску існуе мапа, якая паказвае, дзе лятаць дронам нельга, а дзе можна. Над Камароўкай дрон запускаць, паводле гэтай мапы, дазволена, а вось над плошчай Якуба Коласа — не. Таксама забаронена падымаць дрон падчас масавых мерапрыемстваў, бо гэта можа быць небясьпечна.

Але зганяць ці зьбіваць дрон сілавыя структуры могуць толькі тады, калі ён лятае ў забароненым месцы, бо дрон — уласнасьць чалавека.

Таксама, каб здымаць над горадам, патрэбны дазвол Мінабароны, але выдаюць яго вельмі марудна, узгадненьні могуць цягнуцца тыднямі, і зьняць нешта апэратыўна такім парадкам не атрымаецца.

Паводле ўказу Лукашэнкі № 215 «Аб прадухіленьні палётаў авіямадэляў і бесьпілётных лятальных апаратаў» супрацоўнікі ваенізаванай аховы, вайскоўцы і міліцыя могуць зьбіваць дроны, а таксама прымяняць іншыя сродкі, каб іх зьнішчаць ці перахопліваць. Але рабіць гэта можна тады, калі апарат лятае ў «забароненай зоне».

Хто і як можа зьбіваць дроны

На ўзбраеньні беларускага Мінабароны ёсьць некалькі прыладаў, распрацаваных прадпрыемствам «Радар», якія могуць зганяць ці зьбіваць дроны.

  • «Гроза-С» — станцыя на базе мікрааўтобуса, якая можа адсочваць радыёсыгнал з дрона і перахопліваць яго.
  • Апэратар «Гроза-Р» можа ўмешвацца ў кіраваньне дронам і цалкам перахопліваць сыгнал зь яго. Дакладна невядома, ці ёсьць такія прылады на ўзбраеньні ў МУС ці КДБ.

Прэс-сакратарка УУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч паведаміла Свабодзе, што «пытаньнямі палётаў бесьпілётнікаў у ведамстве не займаюцца, гэта сфэра кампэтэнцыі Мінабароны». У абаронным жа ведамстве на пытаньне Свабоды апэратыўна адказаць не змаглі і папрасілі зьвярнуцца з афіцыйным пісьмовым запытам.

Калі зганялі дроны

У 2018 годзе падчас «Сьвята незалежнасьці» каля Вялікага тэатру опэры і балету сагналі адразу каля 10 апэратарскіх дронаў. Пацярпелі фрылансэр, які здымаў для тэлеканалу «Белсат», а таксама Tut.by і яшчэ некалькі прыватных аматараў.

Нягледзячы на заяву ў міліцыю, дроны так і не знайшліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG