Парыскія ўлады часткова адкрылі пляц перад саборам Парыскай Божай Маці. Ён была закрыты для публікі з прычыны пагрозы атручэньня сьвінцом, які расплавіўся падчас пажару ў Нотр-Даме.
Упершыню пра пагрозу заражэньня парыскіх вуліц сьвінцом пасля буйнога пажару ў саборы Нотр-Дам загаварылі ў ліпені 2019 году. Каля 300 тон сьвінцу, які зьмяшчаўся ў аздабленьні даху і шпіля, расплавіліся пры пажары. З гэтай прычыны былі спыненыя на месяц усе рэстаўрацыйныя працы і перакрытыя вуліцы вакол сабора.
Падвышаная канцэнтрацыя сьвінцу была зарэгістраваная ў будынках паблізу сабора, у прыватнасьці, у школах.
Перад адкрыцьцём пляцу парыская мэрыя склала падрабязную справаздачу перад гараджанамі пра вынікі ачышчальных работ на прылеглай тэрыторыі, паведамляе Radio France Internationale. Брук быў апрацаваны мыйным сродкам, 40-сантымэтровы пласт глебы вакол пляцу быў заменены.
Нягледзячы на ўсю праведзеную працу падысьці ўсутыч да сабора па-ранейшаму нельга. Трэць тэрыторыі пляцу застаецца за агароджай — у сувязі з рэстаўрацыйнымі працамі.
Рэканструкцыя Нотр-Даму мае завяршыцца да 2024 году, калі ў Парыжы пройдуць Алімпійскія гульні. Афіцыйна аб пераносе тэрмінаў аднаўлення сабора не паведамлялі, хоць рэстаўрацыя перапынялася некалькі разоў праз пагрозу заражэньня сьвінцом і пандэмію каранавірусу.