Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19 прызналі ў Беларусі падставай да вызваленьня ад школьных іспытаў


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыняла пастанову аб зьменах у пераліку «хваробаў, якія зьяўляюцца мэдычнай падставай для вызваленьня вучняў ад выпускных іспытаў». Тэкст быў афіцыйна апублікаваны і набыў моц 28 траўня.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У пераліку дадалі наступныя пункты:

  • да сьпісу інфэкцыйных хваробаў дадалі «інфэкцыю, выкліканую каранавірусам COVID-19»* — вызваленьне даюць да ачуньваньня і завяршэньня тэрміну самаізаляцыі;
  • бранхіяльная астма ў сярэднецяжкім цячэньні цяпер дае вызваленьне да завяршэньня лячэньня (раней толькі цяжкая форма давала вызваленьне на пастаяннай аснове);
  • пункт пра псарыяз дапоўнілі падпунктам пра атапічны дэрматыт у цяжкай форме — ён дае вызваленьне да завяршэньня лячэньня;
  • чэрапна-мазгавыя траўмы падзялілі ўжо не на дзьве, а на чатыры ступені: у залежнасьці ад цяжкасьці яны даюць вызваленьне на 2, 4 або 6 месяцаў, ці на пастаяннай аснове.​

* COVID-19 — гэта не каранавірус, а хвароба, якую выклікае новы каранавірус SARS-CoV-2, як СНІД — ня вірус, а сындром, выкліканы вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Зрабілі і шэраг драбнейшых зьменаў, як то:

  • інфэкцыйны манакулёз у цяжкім і сярэднім цячэньні больш не дае пастаяннага вызваленьня ад іспытаў, а толькі на пэрыяд дыспансэрнага назіраньня (6 месяцаў);
  • злаякасныя новаўтварэньні цяпер даюць вызваленьне не на 1 год пасьля хіміяпрамянёвай тэрапіі пры наступленьні рэмісіі, а да пераводу ў ІІІ клінічную групу;
  • пункт пра захворваньні шчытавіцы разьбілі на два падпункты;
  • і гэтак далей.

У Беларусі раней вырашылі адкласьці ўступную кампанію ў сувязі з каранавірусам, даты цэнтралізаванага тэставаньня зьмянілі на тыдзень ці два.

Графік выпускных іспытаў у школах можа быць трохі адкарэктаваны ў залежнасьці ад зьместу прадметаў. Што да выпускных вечароў у школах, Міністэрства адукацыі прапануе вырашаць гэта пытаньне індывідуальна ў кожнай навучальнай установе.

На Petitions.by зьбіралі подпісы за скасаваньне выпускных і перанос уступных іспытаў у Беларусі. 27 траўня зварот з амаль 10 тысячамі подпісаў адправілі ў Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG