Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Два тыдні — гэта мала». Што думаюць пра перанос уступнай кампаніі настаўнікі і рэпэтытары


Архіўнае фота.Падчас уступнай кампаніі ў БДПУ, 2016 год

Уступная кампанія ў ВНУ ў Беларусі перанесеная на два тыдні з прычыны пандэміі каранавірусу. Свабода даведалася, як да гэтага ставяцца настаўнікі і рэпэтытары.

У Беларусі на два тыдні перанесьлі ўступную кампанію: цэнтралізаванае тэставаньне пачнецца не 13, а 25 чэрвеня. Што пра гэта думаюць настаўнікі і рэпэтытары?

Ганна Севярынец: Гэтага недастаткова

Настаўніца Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец лічыць, што двух тыдняў недастаткова, каб эпідэміялягічная абстаноўка істотна зьмянілася.

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

«Не сказала б, што гэта чаканая мера, якая нешта вырашае. Відавочна, што 2 тыдні — ня той тэрмін, калі пандэмія перастане быць небясьпечнай. Галоўнае для дзяцей — скарыстацца гэтым часам, лепш падрыхтавацца. Не сказала б таксама, што гэта нейкі стрэс для дзяцей», — кажа Ганна Севярынец.

Цяпер у яе гімназію на ўрокі ходзяць па 4–5 чалавек у клясе, і гэта ніяк «не 41% вучняў, пра якія казаў міністар адукацыі Ігар Карпенка».

Настаўніца Сьвятлана: Гэта лепш, чым нічога

Сьвятлана выкладае ў вясковай школе пад Берасьцем. На заняткі прыходзяць амаль усе дзеці. Паводле настаўніцы, перанос уступнай кампаніі на два тыдні — гэта лепш, чым нічога.

«Магчыма, праз два тыдні будзе яшчэ адзін перанос. Праз два тыдні будзе ўжо відней, што адбываецца», — кажа настаўніца.

Яўген Лівянт: «Гэта непавага да сваіх суграмадзян»

На думку рэпэтытара і стваральніка цэнтру «100 балаў» Яўгена Лівянта, такая мера Міністэрства адукацыі — «непавага да сваіх суграмадзян». І гэта самае мяккае слова, якім рэпэтытар можа ахарактарызаваць дзеяньні Міністэрства адукацыі.

Яўген Лівянт
Яўген Лівянт

«Калі паглядзець на графікі выхаду краін з пандэміі, бачна, што выхад даўжэйшы, чым пачатак пандэміі. У нас пачатак быў 20 сакавіка недзе, прайшло два месяцы, ідзе прырост. Уявім, што цяпер пачнецца спад, значыць, будзе два месяцы спаду, атрымліваем 15 ліпеня, а не 25 чэрвеня. Экзамэны напрыканцы чэрвеня праводзіць нельга.

Перанесьлі ня толькі ЦТ, перанесьлі выпускныя экзамэны, і іх перанесьлі туды, дзе было ЦТ. То бок ЦТ праводзіць, па іх лёгіцы, нельга, а выпускныя экзамэны можна. Гэта абсалютная непавага Мінадукацыі да сваіх суграмадзян.

Цяпер яшчэ пайшла ўказка праводзіць у школах 29 траўня лінейкі. Пасьля скажуць, што так вырашылі дырэктары школаў», — кажа Яўген Лівянт.

Аляксандар Луцэвіч: Гэта паўмеры

Паводле рэпэтытара Аляксандра Луцэвіча, перанос уступнай кампаніі можна ацаніць «пазытыўна». Але ёсьць неспакой, што «трэба будзе пераносіць ізноў».

Аляксандар Луцэвіч
Аляксандар Луцэвіч

«Гэта пазытыўны крок, але ёсьць сумневы, што два тыдні вырашаць пытаньне. Каб ня трэба было яшчэ раз пераносіць, а гэта стрэс для абітурыентаў, такія два пераносы. Можна назваць гэта паўмерамі, пераносіць варта было на ліпень, магчыма», — разважае Аляксандар Луцэвіч.

Сёлета зьмяніліся і правілы рэгістрацыі на ЦТ. Абітурыенты могуць падаць заяву ў электронным выглядзе, каб пазьбегнуць масавага зграмаджэньня людзей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG