Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беллегпрам» прапанаваў забараніць сэканд-хэндам прадаваць новыя рэчы


Ілюстрацыйнае фота

Канцэрн «Беллегпрам» прапанаваў распрацаваць пастанову Савету міністраў аб забароне на продаж новай прадукцыі ў крамах ужываных рэчаў (сэканд-хэнд), а Міністэрства гандлю прапанову падтрымала, піша БелТА.

Праект пастановы прадугледжвае такую забарону і для крамаў «стокавых» тавараў.

Яго распрацавалі, як сьцьвярджаецца, таму, што «арганізацыі і фізычныя асобы-імпартэры, дэкляруючы стокавыя тавары ў якасьці сэканд-хэнду, фактычна ўхіляюцца ад выплаты мыта на новыя гатовыя вырабы», а гэта каля 15% ад рэальнай цаны. Крамы, як сьцьвярджае міністэрства, нават ня ўтойваюць у рэкляме, што прадаюць новыя рэчы сярод тавараў сэканд-хэнд.

У Беларусі на 1 красавіка 2020 году налічылі 928 суб’ектаў і 1198 крамаў зь нехарчовымі ўжыванымі таварамі. Летась у Беларусь увезьлі адзеньня сэканд-хэнд на 78 млн даляраў.

Істотнае павелічэньне аб'ёмаў рэалізацыі тавараў тыпу сэканд-хэнд у Беларусі за апошнія некалькі гадоў пацягнула за сабой маштабнае пераразьмеркаваньне рынку — ад айчынных тавараў да імпартных, а продаж стокавых тавараў разам з сэканд-хэндам стварыў няроўныя ўмовы канкурэнцыі для айчынных вытворцаў, сьцьвярджаюць у Мінгандлю.

«Беллегпрам» выступае ў прынцыпе за абмежаваньне дзейнасьці сэканд-хэндаў і прапануе «калі не закрыцьцё, то, прынамсі, вынас яго зь нейкіх абласных гарадоў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліц».

Старшыня канцэрну Тацяна Лугіна выступіла супраць сэканд-хэндаў адразу пасьля прызначэньня. Аляксандар Лукашэнка ж, прызначыўшы яе, казаў, што «сёньня рознага кшталту рызьзё прывозім з-за мяжы, а ў сябе нібыта ня можам вырабляць». Пры тым былы кіраўнік «Беллегпраму» Мікалай Яфімчык не падтрымаў ідэю барацьбы з сэканд-хэндам: маўляў, той «нараджаецца не спантанна», а людзі «бягуць у сэканд-хэнд», як толькі падае ўзровень даходаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG