Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беллегпрам» прапануе прыбраць сэканд-хэнды з буйных гарадоў


Адна зь менскіх крамаў адзеньня сэканд-хэнд
Адна зь менскіх крамаў адзеньня сэканд-хэнд

«Беллегпрам» настойвае на рэгуляваньні дзейнасьці крамаў былога ў карыстаньні адзеньня (сэканд-хэнд). Пра гэта заявіла ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ старшыня канцэрну Тацяна Лугіна.

Паводле яе, летась у Беларусь увезьлі адзеньня сэканд-хэнд на 78 млн даляраў.

«Закрываць, не закрываць — мы свае прапановы гаварылі і будзем гаварыць. Але нейкае рэгуляваньне гэтага віду гандлю мы ўсё роўна прапаноўвалі і будзем прапаноўваць. Магчыма, калі не закрыцьцё, то, прынамсі, вынас яго зь нейкіх абласных гарадоў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліц», — сказала Лугіна.

Лугіна падкрэсьліла, што «Беллегпрам» выступае «за сумленную канкурэнцыю», і, калі прадпрыемствы канцэрну вытрымліваюць усе тэхрэглямэнты, патрабаваньні, правяраюць на ўсе паказьнікі бясьпекі адзеньня, «таму і на рынку хочацца, каб усе аналягічна працавалі».

У плянах — шоў-рум і мультыбрэндавыя крамы

Паводле Лугіной, цяпер у плянах канцэрну — запусьціць сетку мультыбрэндавых крамаў, у якіх будзе прадавацца беларуская вопратка. Да канца 2020 году стаіць задача адкрыць сем такіх аб’ектаў.

Таксама на базе «Беллегпраму» ствараецца шоў-рум, у якім усе прадпрыемствы галіны змогуць прадэманстраваць сваю прадукцыю. Цяпер ідзе касмэтычны рамонт у памяшканьні.

Раней «Беллегпрам» выказваў падазрэньні, што пад выглядам паношанага ў Беларусь ўвозіцца новае адзеньне. Канцэрн прапаноўваў перагледзець, якія тавары могуць адносіцца да сэканд-хэнду, а таксама мыта, якім абкладаецца такая прадукцыя.

Тацяна Лугіна, прызначаная Алякандрам Лукашэнкам у сярэдзіне траўня 2019 году на пасаду кіраўніка дзяржаўнага канцэрну «Беллегпрам», паабяцала змагацца з сэканд-хэндам і прыкласьці максымум сілаў, каб «ўсё ж такі любоў да беларускага адзеньня ў насельніцтва толькі прырастала, і асабліва ў моладзі». Лукашэнка пры яе прызначэньні казаў, што «сёньня рознага кшталту рызьзё прывозім з-за мяжы, а ў сябе нібыта ня можам вырабляць» (у гэтым ён вінаваціў прыватныя кампаніі, індывідуальных прадпрымальнікаў і тых, каго называе «тарбешнікамі» і «мяшэчнікамі»).

Паводле зьвестак Белстату на сярэдзіну 2019 году, за апошнія 10 гадоў імпарт сэканд-хэнду ў Беларусь вырас больш як у 3 разы. У 2018 годзе ў Беларусь гэтай прадукцыі было завезена 47,4 тысячы тон, амаль на 74,3 мільёна даляраў. Прычым калі колькасьцю аб’ём вырас усяго на 5,2%, то па цане — у 1,5 раза, то бок на 50%.

Асноўныя пастаўкі тавараў, якія ўжо былі ва ўжытку, ідуць у Беларусь з краінаў Эўразьвязу (97,5%). Сталыя пастаўшчыкі — Нямеччына, Нідэрлянды, Літва, Латвія, Італія, Швэцыя, Вялікая Брытанія, Швайцарыя. Завозяць тавар таксама з Гандурасу, Аману, Кітаю.

Усяго за апошнія 10 гадоў у Беларусь увезена адзеньня, якое было ва ўжытку, амаль на 270 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG