Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам прапануюць далучыцца да глябальнага вывучэньня ўплыву каранавірусу на фізычнае і псыхічнае здароўе 


Як адзначаюць ініцыятары глябальнай дасьледчай кампаніі, да супольнай справы далучыліся амаль 200 навукоўцаў з больш як 40 дзяржаваў. Ад беларускага боку ў праекце задзейнічаны псыхатэрапэўт Алег Айзбэрг.

Веды, атрыманыя ў выніку дасьледаваньня, дапамогуць больш эфэктыўна падтрымліваць людзей падчас эпідэмій, а таксама вызначыць, хто больш уразьлівы да праблемаў, зьвязаных зь фізычным і псыхічным здароўем.

Дасьледаваньне COH-FIT (Collaborative Outcomes Study on Health and Functioning during Infection Times) цяпер зьяўляецца найбуйнейшым з тых, якія ацэньваюць уплыў пандэміі COVID-19.

Галоўнай мэтай — збор інфармацыі ад жыхароў розных краінаў і яе выкарыстаньне для вывучэньня кароткатэрміновых і доўгатэрміновых наступстваў пандэміі. Навукоўцы разьлічваюць выпрацаваць мэханізм мэтанакіраванага аказаньня дапамогі тым, хто мае найбольшую рызыку.

Публічная лекцыя Алега Айзбэрга
Публічная лекцыя Алега Айзбэрга

Алег Айзбэрг, дацэнт Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, таксама бярэ ўдзел у гэтым дасьледаваньні, якое праводзіцца на міжнародным узроўні пад кіраўніцтвам прафэсара Крыстафа Корэла (ЗША/Нямеччына) і доктара Марка Солмі (Італія/Вялікая Брытанія).

«Гэты праект унікальны. І ня толькі таму, што арганізаваны за такі кароткі тэрмін, але і таму, што ў ім удзельнічае так шмат краінаў. Мы спадзяёмся, што атрыманыя зьвесткі дадуць нам зусім новае разуменьне таго, якія захады трэба рабіць пры ўзьнікненьні эпідэмій і пандэмій. Параўнаньне вынікаў з 40 краінаў дапаможа зразумець, як эфэктыўна падтрымліваць людзей з рознымі захворваньнямі ў такіх асаблівых умовах», — адзначыў Алег Айзбэрг.

COH-FIT ажыцьцяўляе збор інфармацыі ў тры этапы, цяпер рэалізуецца першы. Праз паўгода і год пасьля заканчэньня пандэміі паводле нарматываў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя будуць праведзеныя наступныя дасьледаваньні. Гэта дазволіць навукоўцам атрымаць інфармацыю як пра неадкладныя, так і адтэрмінаваныя наступствы COVID-19.

Усім ахвотным прапануецца ўзяць удзел у ананімным апытаньні на сайце coh-fit.com.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG