Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЗ: цэнтар пандэміі цяпер на амэрыканскім кантынэнце


Лекары ў бразыльскім шпіталі

Цэнтар пандэміі каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 цяпер знаходзіцца на амэрыканскім кантынэнце. Пра гэта заявіла на брыфінгу Сусьветнай арганізацыі здароўя ў аўторак кіраўніца Панамэрыканскай арганізацыі аховы здароўя Кларыса Эт'ен.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Яна выказала занепакоенасьць сытуацыяй у Бразыліі, якая ў апошнія сем дзён, як правіла, была на першым месцы па ліку сьмерцяў ад COVID-19 за суткі ў сьвеце — апярэджваючы нават ЗША, якія застаюцца на першым месцы па ліку выяўленых за суткі інфікаваных.

Пры гэтым у Злучаных Штатах колькасьць новых ахвяраў каранавірусу і новых выпадкаў захворваньня паступова зьніжаецца, а ў Бразыліі расьце.

На думку прадстаўніцы САЗ, для краінаў Лацінскай Амэрыкі яшчэ не настаў час аслабляць карантынныя абмежаваньні. Дзясяткі заражаных каранавірусам выяўленыя ў такіх краінах, як Перу, Чылі, Эквадор, Калюмбія.

У Бразыліі, па дадзеных на 26 траўня, выяўлена больш за 370 тысяч інфікаваных, гэта другое месца ў сьвеце — пасьля ЗША і перад Расеяй. Спэцыялісты лічаць, што рэальная колькасьць істотна вышэйшая. Памерлі ў Бразыліі ад COVID-19 больш за 20 тысяч чалавек.

Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару, прадстаўнік правых сілаў, да апошняга ня верыў у небясьпеку новага каранавірусу, параўноўваў яго з грыпам і высьмейваў карантынныя захады, якія рабіліся ўрадамі іншых краін. Губэрнатары штатаў Бразыліі, якая зьяўляецца фэдэратыўнай рэспублікай, валодаюць немалой уладай і могуць самі прымаць рашэньні, зьвязаныя з карантыннымі абмежаваньнямі — у шэрагу рэгіёнаў яны ўведзеныя, але не па ўсёй краіне.

У ЗША ў аўторак уступіла ў сілу забарона на ўезд у краіну прыежджых з Бразыліі. Першапачаткова плянавалася ўвесьці забарону на два дні пазьней, у чацьвер — паведамляе «Голас Амэрыкі». Забарона распаўсюджваецца на ўсіх замежных грамадзян, якія пабывалі ў Бразыліі на працягу двух тыдняў да меркаванага ўезду ў ЗША. Увесьці забарону запатрабаваў прэзыдэнт Дональд Трамп, які заявіў: «Я не хачу, каб сюды прыяжджалі хворыя людзі і заражалі нашых грамадзян».

САЗ абвясьціла пандэмію каранавіруснай інфэкцыі ў сакавіку, пасьля таго як каранавірус распаўсюдзіўся з Кітаю, дзе ён першапачаткова быў выяўлены, на іншыя краіны. Наступным пасьля Кітаю цэнтрам эпідэміі была названая Эўропа, — у сакавіку першыя месцы ў сьвеце па колькасьці заражэньняў і сьмерцяў займалі Італія і Гішпанія. У канцы сакавіка імкліва пачала расьці колькасьць выпадкаў інфэкцыі ў ЗША, а ў красавіку — у Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG