Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twitter папярэдзіў пра недакладнасьці ў паведамленьнях Трампа


Дональд Трамп, архіўнае фота

Сацыяльная сетка Twitter упершыню ўказала на недакладную інфармацыю ў паведамленьнях, разьмешчаных на яе плятформе прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Дональдам Трампам.

Два паведамленьні Трампа ад 26 траўня з крытыкай працэсу галасаваньня праз пошту, у якіх прэзыдэнт сьцьвярджае, што такі спосаб волевыяўленьня будзе выкарыстаны для фальсыфікацыі вынікаў выбараў, суправаджаліся адмысловай спасылкай «Атрымайце факты аб галасаваньні па пошце».

Адкрыўшы гэтую спасылку, карыстальнік даведаецца, што Дональд Трамп «бяздоказна сьцьвярджае, што галасаваньне праз пошту прыводзіць да фальсыфікацый». Як зазначае Twitter, экспэрты лічаць, што такая форма галасаваньня вельмі рэдка зьвязана з фальсыфікацыямі.

Гэты крок сацсеткі стаў адказам на шматлікія заклікі крытыкаў Дональда Трампа, якія абвінавачваюць прэзыдэнта ў распаўсюдзе недакладнай інфармацыі і грубых атаках на апанэнтаў з дапамогай «Твітэру».

Сацыяльная сетка заяўляла, што права карыстальніка выказваць сваю думку абаронена амэрыканскай Канстытуцыяй і Дональд Трамп не парушае правілаў карыстаньня. Таксама сетка настойвала, што паведамленьні сусьветных лідэраў зьяўляюцца важнай крыніцай інфармацыі аб іхных думках і дзеяньнях.

У адказ прэзыдэнт Дональд Трамп абвінаваціў Twitter ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкую кампанію, уціск свабоды слова і заявіў, што не дапусьціць гэтага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG