Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбяруць Шагала пасьля адстаўкі Бабарыкі


Марк Шагал. Графіці ў Віцебску
Марк Шагал. Графіці ў Віцебску

У гэтым тэксьце ад выбарчай кампаніі будзе толькі адно слова, дакладней, адно прозьвішча — Бабарыка.

Пасьля таго, як кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка пакінуў сваю пасаду, узьнік адзін сюжэт, які зусім не заўважаны за напружанымі палітычнымі спрэчкамі.

Нехта, ужо не прыгадаю хто канкрэтна, у сацыяльных сетках задаўся пытаньнем: ну а што цяпер будзе з калекцыяй мастацкіх твораў банку, 99,5% акцыяў якога валодаюць расейскія «Газпрам» і «Газпрамбанк»? Ці ня вывезуць яе ў Маскву? Уласьнікі ж, як ні круці — расейцы.

Для мяне, як для віцябляніна, галоўным у калекцыі, канешне, застаецца Шагал. І дзень, калі першы і пакуль адзіны арыгінальны жывапісны твор вялікага земляка прыбыў у Беларусь, быў азмрочаны толькі тым, што, на жаль, палатно ў Менску, а ня ў Віцебску.

Але карпаратыўная калекцыя «Белаграпрамбанку» — гэта ня толькі Шагал; а галерыст ці аўкцыяніст напісаў бы, што і не Шагал там на першым месцы, калі мець на ўвазе рэдкасьць і камэрцыйны кошт работаў. Гэта Хаім Суцін, Восіп Цадкін, Шрага Царфін, гэты іншыя менш вядомыя мастакі «Парыскай школы» і ня толькі. Сабраныя разам, яны маглі б скласьці самадастатковую музэйную галерэю эўрапейскай сталіцы, у даведніках-падарожніках адзначанаю дзьвюма зорачкамі («пажадана наведаць»). Лёнданская нацыянальная галерэя ці флярэнтыйскія галерэі «Уфіцы» адзначаныя трыма — «абавязкова для наведваньня»).

А ў калекцыі яшчэ — і «Малая падарожная кніжыца» Скарыны, і выданьне Сімяона Полацкага.

І што цяпер? Раптам акцыянэры не пажадаюць пакінуць усё гэта ў Менску?

Права ўласнасьці дае ім такія магчымасьці.

Але гэта толькі на першы, павярхоўны погляд.

Невыязны Брэйгель

У розных краінах існуюць розныя правілы перамяшчэньня твораў мастацтва, увогуле культурных каштоўнасьцяў.

Скажам, з тэрыторыі ЗША вы можаце вывезьці што заўгодна.

Хоць усю калекцыю нью-ёрскага Мэтраполітэн-музэю, калі ён вам яе прадасьць і калі вы дакажаце, што набылі яе законна.

Але ёсьць і краіны зь іншымі правіламі.

У выніку праведзенай у пачатку 1990-х у Чэхіі рэстытуцыі тысячы сем’яў атрымалі маёмасьць, якая некалі належала іх продкам і была канфіскаваная ў выніку прыходу да ўлады камуністаў. Нехта атрымаў невялікі дамок, нехта — будынак у цэнтры Прагі, а нехта — палацы, замкі і калекцыі мастацкіх шэдэўраў.

Сярод апошніх была і сям’я Шварцэнбэргаў, прадстаўнік якой, Карэл Шварцэнбэрг, былы дысыдэнт і нядаўні міністар замежных спраў Чэхіі, вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускай дэмакратыі, быў узнагароджаны мэдалём Рады БНР.

Была і сям’я Лобкавіц, якой, разам з палацамі і землямі, была вернутая і калекцыя твораў мастацтва. Не адразу, але ў выніку судовых спрэчак, вярнулі і шэдэўр, які яшчэ ў канцы 90-х быў уласнасьцю Нацыянальнай галерэі — палатно Пітэра Брэйгеля Старэйшага («Мужыцкага») «Сенажаць» (1565). Гэта твор з цыклю «Поры году», куды ўваходзіць і знакамітая «Паляўнічыя на сьнезе». З шасьці карцін цыклю захавалася толькі пяць, а ўвогуле ў сьвеце толькі чатыры з паловай дзясяткі жывапісных палотнаў Брэйгеля — значна менш, чым, скажам, Леанарда да Вінчы.

Піцер Брэйгель Старэйшы, "Сенажаць"
Піцер Брэйгель Старэйшы, "Сенажаць"

Мець у сваёй калекцыі Брэйгеля Старэйшага — мара якога заўгодна музэю (у парыскім Люўры, да прыкладу, толькі адзін ягоны жывапісны твор).

Але, валодаючы «Сенажацьцю», сям’я Лобкавіц ня можа прадаць твор за мяжу Чэхіі, калі б яна пажадала гэта зрабіць. Дакладней, пакупнік, які б набыў палатно і, адпаведна, зрабіўся б уласьнікам, ня мае права вывезьці яго за межы краіны. Вось у гэтым ягоныя правы якраз абмежаваныя чэскім законам. Гэтак, між іншым, здарылася з палатном чэскага мастака Францішка Купкі, набытым на аўкцыёне ў Празе венскім музэем — Міністэрства культуры забараніла вываз, паколькі твор зьяўляецца культурным скарбам.

У сэйф — калі ласка, у Маскву — ні ў якім разе

Аналягічныя правілы дзейнічаюць і ў Беларусі. На вываз твораў мастацтва патрэбнае афіцыйнае заключэньне адмысловай камісіі Міністэрства культуры.

Прычым — на які заўгодна жывапіс, нават набыты ў вулічнага гандляра. Вядома ж, у такім выпадку мытнікі звычайна «заплюшчваюць вочы», усё ж палатно Шчамялёва можна адрозьніць ад пэйзажу першакурсьніка Акадэміі мастацтваў, але пры жаданьні яны могуць запатрабаваць у вас дазвол — і, паводле закону, будуць мець рацыю.

Ну а твор мастацтва, якому больш за 50 гадоў, паводле беларускага заканадаўства аўтаматычна зьяўляецца культурнай каштоўнасьцю, абмежаванай да перамяшчэньня, і без адмысловага дазволу Міністэрства культуры тут проста не абысьціся.

Абсалютна выключана, каб міністэрства дало дазвол на сталы вываз твораў Шагала, Суціна, Бакста ці кнігі Скарыны.

Уладальнікі шэдэўраў могуць іх дэманстраваць у галерэі, а могуць пакласьці ў сэйф — але ня маюць права вывезьці за межы Рэспублікі Беларусь. У выпадку такой спробы творы будуць канфіскаваныя і пяройдуць ва ўласнасьць дзяржавы.

Ну а тое, што, як пішуць, калекцыя была набытая за грошы «Газпрому» ці, больш шырока кажучы, за расейскія грошы — ну што ж, варта падзякаваць былому кіраўніку банку за патрыятычны ўчынак; на вялікі жаль, звычайна мы ведаем пра іншыя мэты прыкладаньня расейскіх фінансаў, вельмі далёкія ад інтарэсаў беларускай культуры.

Віцебск з Шагалам, але — без Шагала

І тут мне вельмі хацелася зьвярнуцца да навіны, якая сёньня прыйшла зь Віцебску: нібыта самае высокае начальства дало згоду на будаўніцтва на беразе Дзьвіны ў раёне мосту Блахіна, нібыта на сродкі «Газпрому», Сафійскага сабору вышынёй 50 мэтраў (а чаму ня 250?).

Але гэтая навіна патрабуе ўдакладненьня і асэнсаваньня, акрамя відавочнага — новая будыніна ніякім чынам ня ўпішацца ў сылюэт цэнтральнай часткі горада, парушыць гістарычныя і архітэктурныя традыцыі.

Ёсьць тэма, якая хвалюе віцебскую інтэлігенцыю яшчэ зь сярэдзіны 1980-х, калі вялося змаганьне за вяртаньне гораду імя Шагала. Тады гаворка ішла менавіта пра вяртаньне імя — пра нейкія творы Шагала даводзілася толькі марыць.

Вось прыклад з уласнага досьведу. Я працаваў у аддзеле культуры газэты «Віцебскі рабочы» і падрыхтаваў да друку вялікі, больш чым на паўпаласы, артыкул паэта і краязнаўцы Давіда Сімановіча пра вяртаньне гістарычнай памяці, дзе некалькі абзацаў была прысьвечаная Шагалу. У апошні момант, калі паласа была набраная, вычытаная, і заставаўся толькі подпіс рэдактара — абзацы пра Шагала былі выкрасьленыя. А ў дзень 100-годзьдзя геніяльнага мастака, 7 ліпеня 1987 году, які адзначылі ўсе вядучыя газэты сьвету на ўсіх кантынэнтах — віцебская газэта ні словам не ўзгадала Шагала.

Спадзяюся, у віцебскім музэі Шагала ёсьць гэты нумар газэты, як сьведчаньне часу ваяўнічага антысэмітызму, які ў СССР быў арганічным складнікам таталітарнай ідэалёгіі.

Але тыя часы мінулі, і некалі праціўнік музэю Шагала першы сакратар абкаму Ўладзімер Грыгор’еў пачаў спрыяць стварэньню музэю. Шмат намаганьняў у справу вяртаньня Шагала Віцебску прыклаў тагачасны мэр Віцебску, дэпутат Вярхоўнага Савета Мікалай Федарчук. У першых Шагалаўскіх днях бралі ўдзел Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.

Сёньня імя Шагала ў Віцебску носіць вуліца, працуюць дом-музэй і арт-цэнтар Шагала, ёсьць помнік — але пры гэтым існуе даволі дзіўная і, што каб не эўфэмізмамі — абсурдная сытуацыя.

На радзіме Шагала, у Віцебску, няма ніводнага арыгінальнага жывапіснага твора Шагала.

Ёсьць багатая калекцыя графікі (у тым ліку і творы, уласнаручна падпісаныя і пранумараваныя мастаком). Ёсьць унікальныя прыжыцьцёвыя выданьні, у абласным архіве захоўваюцца дакумэнты з подпісамі Шагала, у краязнаўчым музэі — паштоўка Шагала ягонаму настаўніку мастаку Пэну. Але ніводнага жывапіснага твора — няма.

Бяз гэтага шагалаўская аўра ў горадзе, вядома ж, няпоўная. Усё ж, Шагал здабыў сабе славу менавіта як жывапісец.

Гэта як бы мы казалі пра Леанарда, маючы на ўвазе толькі ягоныя навуковыя дасьледаваньні ці фартыфікацыйныя распрацоўкі. Альбо пра Скарыну толькі як пра высокапрафэсійнага мэдыка. Што, вядома ж, было б праўдай — але толькі часткова і зусім не галоўным у іх спадчыне.

Цяжка даваць нейкія парады, тым больш сёньня, калі ўсе сродкі мусяць быць кінутыя на выратаваньне людзей ад пандэміі, на мадэрнізацыю бальніц, на закупку патрэбнай апаратуры (і ня толькі ў зьвязку з каранавірусам — хто ведае, якія яшчэ навалы чакаюць, ды і наяўнасьць толькі аднаго МРТ у 350-тысячным горадзе — нонсэнс).

Але са сродкаў, якія ідуць на тое, што ў бюджэтнай графе пазначаецца як «культура», грошы на Шагала можна было б знайсьці. Прычым не закранаючы інтарэсы іншых сфэраў культуры. У Віцебску ёсьць што скараціць ці абмежаваць — да прыкладу, штогадовы «Славянскі базар», у якім далёка ня ўсё вытрымлівае норму, якую можна пазначыць словам «культура».

Хапіла б і на Шагала, і на аднаўленьне касьцёла сьв. Антонія на Ратушнай (былой Рынкавай) плошчы, і на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры. І на аднаўленьне Літаратурнага музэю, дзе пачэснае месца занялі б экспазыцыі Лазара Лагіна (ніхто не абмінуў «Старыка Хатабыча»), Пятруся Броўкі, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, прыгаданага вышэй Давіда Сімановіча. Тых, чыё жыцьцё было зьвязанае з Віцебшчынай.

Гэта тое, што можна зрабіць без дапамогі спонсараў.

Ну але калі такія знойдуцца, як здарылася гэта з калекцыяй «Белгазпрамбанку» — яшчэ лепей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG