Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме майстра. У Віцебску пачаўся Міжнародны Шагалаўскі пленэр. ФОТА


Удзельнікі пленэру
Удзельнікі пленэру

Гісторыя пленэру распачалася ў першыя гады беларускай незалежнасьці — у 1994 годзе, разам зь вяртаньнем імя Марка Шагала на радзіму. Але ў 1997-м пленэр практычна спыніў сваё існаваньне, і толькі цяпер ён вярнуўся ў Віцебск.

10 мастакоў з 7 краін павіншуюць Шагала з днём народзінаў

Пленэр, у якім бяруць удзел 10 жывапісцаў зь Беларусі, Расеі, Латвіі, Украіны, Нямеччыны, Нідэрляндаў і Ізраілю, праходзіць з 25 чэрвеня па 7 ліпеня. Мастакі прыехалі ў Віцебск на запрашэньне аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкаму і музэю Марка Шагала — арганізатараў імпрэзы.

Удзельнікаў і гасьцей вітае Ірына Воранава, дырэктарка Арт-Цэнтру Марка Шагала
Удзельнікаў і гасьцей вітае Ірына Воранава, дырэктарка Арт-Цэнтру Марка Шагала

У першы дзень пленэру адбылося ўрачыстае адкрыцьцё, падчас якога Ірына Воранава, дырэктарка Арт-Цэнтру Марка Шагала, пазнаёміла гараджан з удзельнікамі. Трое зь іх прадстаўляюць Беларусь. Для Вольгі Кузьняцовай Шагалаўскі пленэр стаў сямейнай традыцыяй: яе бацька, таксама мастак, браў удзел у самым першым пленэры ў 1994 годзе.

Што да прадстаўнікоў замежжа, то яны гавораць пра свае чаканьні ад візыту на радзіму Марка Шагала зь вялікай адказнасьцю і спадзяваньнямі.

«Два гады таму я рабіў скульптурны партрэт Марка Шагала, і з тае пары асоба знакамітага мастака мяне проста захапіла», — прызнаецца скульптар з Ізраілю Тарыел Дэмчынскі.

Тарыел Дэмчынскі
Тарыел Дэмчынскі

«Я прыехала здалёк і ніколі не адчувала сябе так блізка да Марка Шагала, як цяпер», — кажа прадстаўніца Нямеччыны Бэатэ Гардынг-Шубэрт.

Бэатэ Гардынг-Шубэрт (у цэнтры)
Бэатэ Гардынг-Шубэрт (у цэнтры)

«Шагалаўскі пленэр — гэта магчымасьць паглядзець на творчасьць Марка Шагала вачыма мастакоў з розных краінаў», — лічыць мастачка з Латвіі Анцэ Грыцманэ.

Пленэр завяршыцца выніковай выставай у Арт-цэнтры Марка Шагала ў дзень нараджэньня славутага мастака — 7 ліпеня. Выстава стане адмысловым падарункам, прысьвечаным памяці мэтра жывапісу.

Удзельнікаў пленэру прымае віцебская Арт-прастора

Спонсарамі пленэру сталі некалькі прадпрыемстваў, якія падаравалі ўдзельнікам наборы фарбаў ды іншыя неабходныя матэрыялы. А свае пляцоўкі для працы прадставіла віцебская Арт-прастора, што на вуліцы Талстога, 7.

Падарункі для творчасьці
Падарункі для творчасьці

Апрача памяшканьняў Арт-прасторы, мастакі цягам двух тыдняў будуць працаваць на вуліцах гістарычнага цэнтру Віцебску. Іх чакаюць паездкі па шагалаўскіх мясьцінах у Лёзьне, экскурсія ў старажытны Полацак, візыт у Здраўнёва, дзе сядзіба-музэй Ільлі Рэпіна.

Мастакі, запрошаныя на пленэр, працуюць у розных тэхніках. У гэтым — адна з галоўных інтрыгаў форуму. Праз пэўны час мяркуецца выдаць адмысловы каталёг з прэзэнтацыямі ўдзельнікаў і іх работ.

Працуе мастачка зь Нямеччыны Бэатэ Гардынг-Шубэрт
Працуе мастачка зь Нямеччыны Бэатэ Гардынг-Шубэрт

У дзень адкрыцьця 4-га Міжнароднага Шагалаўскага пленэру, у якім бяруць удзел дарослыя майстры, завяршыўся Міжнародны дзіцячы пленэр-конкурс «Віцебск — горад Марка Шагала», арганізаваны турыстычнай агенцыяй «Ілва».

Юныя мастакі ў Віцебску
Юныя мастакі ў Віцебску

Міжнародным Шагалаўскім пленэрам у Віцебску папярэднічалі «Шагалаўскія дні» — цыкль імпрэзаў, упершыню праведзеных у 1991 годзе. Праз 70 гадоў пасьля таго, як мастак зьехаў з роднага гораду, упершыню ў Віцебску экспанавалася выстава ягоных працаў. Дзякуючы высілкам прадстаўнікоў інтэлігенцыі — літаратараў, мастакоў, журналістаў — імя Шагала было вернутае Віцебску. У 1992 годзе былі адкрытыя помнік майстру на Пакроўскай вуліцы і мэмарыяльная дошка на доме, дзе ён правёў дзіцячыя і юнацкія гады. У 1993 годзе ў Віцебску ўпершыню экспанавалася выстава літаграфій мастака.

Чацьвёрты шагалаўскі пленэр за 25 год

Першы Міжнародны Шагалаўскі пленэр, які адбыўся ў 1994 годзе, стаў яркай падзеяй культурнага жыцьця ня толькі Беларусі, але і ўсяго сьвету. ААН уключыла яго ў лік мерапрыемстваў, прысьвечаных 50-годзьдзю гэтай арганізацыі. Яго палічылі за гонар наведаць паслы і дыпляматычныя работнікі з Расеі, Францыі, Ізраілю, Італіі, Латвіі, Польшчы, Нямеччыны, ЗША. Прывітальную тэлеграму даслаў у Віцебск прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

У тым пленэры ўзялі ўдзел 42 мастакі зь Беларусі, Нямеччыны, Грэцыі, Ізраілю, Італіі, Польшчы, Расеі, ЗША, Францыі.

Помнік Марку Шагалу ў Віцебску. Фота ©Shutterstock
Помнік Марку Шагалу ў Віцебску. Фота ©Shutterstock

Другі Міжнародны Шагалаўскі пленэр, праведзены ў 1997 годзе, таксама меў шырокую геаграфію ўдзельнікаў. Аднак пасьля яго ў правядзеньні імпрэзаў наступіў перапынак амаль на 20 гадоў: у Беларусі на афіцыйным узроўні былі больш запатрабаваныя «Дажынкі» або «Залаты шлягер».

Трэці форум адбыўся толькі ў 2016 годзе і быў прысьвечаны 25-годзьдзю стварэньня музэю Марка Шагала ў Віцебску. На яго таксама запрасілі ўсяго 10 мастакоў, як і сёлета.

Чацьвёрты пленэр, хоць і абмежаваны невялікай фінансавай падтрымкай, таксама закліканы падтрымаць традыцыю ўшанаваньня памяці сусьветна вядомага мастака.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG