Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Падмаскоўі пасылаюць парушальнікаў карантыну прымусова працаваць у шпіталі


У Расеі Галоўнае ўпраўленьне рэгіянальнай бясьпекі Маскоўскай вобласьці паведаміла, што суд паслаў на абавязковыя працы ў рэгіянальныя шпіталі некалькіх парушальнікаў «рэжыму самаізаляцыі». Ведамства назвала іх «хлопцамі з залішняй энэргіяй».

Сярод тых, хто быў прысуджаны да такога пакараньня:

  • маладзён з Краснагорску, які ўгаварыў сяброў заняцца спортам на пляцоўцы. Яго адправілі працаваць у гарадзкі шпіталь акругі;
  • яшчэ адзін жыхар Падмаскоўя арганізаваў падчас карантыну «масавае мерапрыемства» (паводле азначэньня ўладаў) каля гандлёвага цэнтру — ён будзе адпрацоўваць пакараньне ў Хімкінскім шпіталі.

Сілавікі прыгразілі, што такія санкцыі будуць ужывацца і да іншых парушальнікаў карантыну:

«Да парушальнікаў рэжыму самаізаляцыі ўжываюць ня толькі штрафныя санкцыі: за злоснае грэбаваньне абмежавальнымі захадамі ў Падмаскоўі можна атрымаць і пакараньне ў выглядзе абавязковых прац да 100 гадзін», — заявіў у сувязі з рашэньнем судоў кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня рэгіянальнай бясьпекі Маскоўскай вобласьці Раман Каратаеў. Паводле яго, сярод работ, якія трэба будзе выконваць «злосным парушальнікам» карантыну ў шпіталях, — прыборка тэрыторыі, разгрузка мэдыкамэнтаў, харчоў і іншых грузаў.

«У дадзенай эпідэміялягічнай сытуацыі проста недапушчальна сябе паводзіць безадказна і наўмысна парушаць устаноўленыя патрабаваньні. Менавіта пра гэта казаў губэрнатар: падобныя ўчынкі павінны асуджацца, а хлопцаў з залішняй энэргіяй трэба прыцягваць да працы на карысьць вобласьці, — падкрэсьліў Каратаеў. — Зараз кожны падмаскоўны шпіталь мае патрэбу ў дапамозе, таму парушальнікаў рэжыму будзем накіроўваць у мэдычныя ўстановы для выкананьня абавязковых работ».

У прэс-службе не ўдакладнілі, у якія шпіталі будуць адпраўляць парушальнікаў — у «чыстыя» ад каранавірусу або ў тыя, дзе лекуюць пацыентаў з COVID-19.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG